У Мюнхене распачаўся 185-ы Актоберфест
Традыцыйнае штогадовае баварскае свята піва Актоберфест будзе доўжыцца да 7 кастрычніка. Кошт літра піва на Тэрэзіным лузе ў гэтым годзе перавысіць 11 еўра.
У Мюнхене ў суботу, 22 верасня, у 185-ы раз адкрылася традыцыйнае штогадовае свята піва Актоберфест. Обербургамістр горада Дытэр Райтэр (Dieter Reiter) двума ўдарамі адкрыў першую бочку з ячменным напоем, даўшы афіцыйны старт найбуйнейшым у свеце народным гулянням. Першы куфаль піва, па традыцыі, дастаўся прэм'ер-міністру Баварыі Маркусу Зёдэру (Markus Söder).
Сотні чалавек, большасць — у традыцыйнай баварскай вопратцы, чакалі адкрыцця свята з самае раніцы. Чакаецца, што да заканчэння Актоберфеста 7 кастрычніка яго наведаюць каля 6 млн чалавек.
Літровы куфаль піва сёлета каштуе каля 11,50 еўра — у сярэднім на 55 цэнтаў больш, чым год таму. Такі моцны рост цаны звязаны з высокімі выдаткамі на бяспеку, адзначае інфармагенцтва AFP.
За парадкам на Актоберфэсце сочаць каля 600 паліцэйскіх, якія маюць замацаваныя на вопратцы відэакамеры, і сотні ахоўнікаў прыватных агенцтваў. На абнесенай плотам тэрыторыі правядзення свята ўсталяваныя відэакамеры, на ўваходзе ажыццяўляецца выбарачны кантроль. У сувязі з новымі правіламі бяспекі, уведзенымі пасля шэрагу тэрактаў у Еўропе, наведвальнікам таксама забаронена праносіць з сабой заплечнікі.
Паводле dw.com