На Тыдні Германіі ў Мінск упершыню прыедзе Берлінскі фестываль XJAZZ
На працягу больш за 15 гадоў кожную восень пад патранажам Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі праводзяцца Тыдні Германіі. Сёлета яны пачнуцца 23 верасня і працягнуцца да 18 лістапада.

Ілюстрацыя Пасольства Германіі
Пасольства запрашае ўсіх, хто хацеў бы пазнаёміцца з нямецкай культурай, мовай і грамадствам, наведаць шматлікія мерапрыемствы ў адзінаццаці беларускіх гарадах.
Багатая праграма прапанувае на ваш выбар:• шматлікія кінапаказы: сучасныя кароткаметражныя стужкі, мастацкія фільмы на нямецкай мове з субтытрамі на рускай, музычны фільм з наступным Live-DJ-Set, дакументальны фільм у гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, а таксама нямы фільм «Насферату» (1921) Фрыдрыха Вільгельма Мурнау, які будзе дэманстравацца ў чатырох гарадах з жывым музычным суправаджэннем у выкананні аўтара музыкі Вольгі Падгайскай і ансамбля сучаснай камернай музыкі «Five-storey-ensemble»;• самыя разнастайныя канцэрты ад класікі да стыляў рок і поп, а таксама джаз (у Мінск упершыню прыедзе Берлінскі фестываль XJAZZ);• чытанні, выставы, майстар-класы і лекцыі на спецыяльныя тэмы;• творчыя мерапрыемствы і магчымасць прыняць удзел у захапляючых акцыях у бібліятэках гарадоў Баранавічы, Брэст, Барысаў і Маладзечна; • а таксама многія іншыя невялікія і буйныя мерапрыемствы ва ўсіх рэгіёнах Рэспублікі Беларусь.
Тыдні Германіі праводзяцца Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, прадстаўнікамі нямецкіх культурных арганізацый у супрацоўніцтве з беларускімі ўстановамі і партнёрамі.
Праграма Тыдняў Германіі апублікавана на minsk.diplo.de