У Польшчы прапануюць ануляваць навуковыя тытулы, выдадзеныя камуністамі
Апазіцыянеры часоў ПНР прапануюць правесці дэкамунізацыю і люстрацыю навуковага асяроддзя ў Польшчы.
Былыя апазіцыянеры заклікалі Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі правесці дэкамунізацыю і люстрацыю навуковага асяроддзя ў Польшчы, піша radyjo.net са спасылкай на "Nasz Dziennik”.
Агульнапольская асацыяцыя інтэрнаваных і рэпрэсаваных просіць віцэ-прэм'ера, міністра навукі і вышэйшай адукацыі Яраслава Говіна (Jarosław Gowin) "прыняць смелыя рашэнні” па ачышчэнні навуковага асяроддзя.
"Мы накіравалі міністру Говіну ліст па справе люстрацыі і дэкамунізацыі ў вышэйшай адукацыі”, — кажа ў размове з газетай старшыня асацыяцыі Януш Альшэўскі (Janusz Olszewski).
Прадстаўнікі асацыяцыі пераконваюць, што дэкамунізацыя павінна зводзіцца да ажыццяўлення закону, паводле якога "былыя члены Польскай аб’яднанай рабочай партыі, у тым ліку супрацоўнікі камуністычных спецслужбаў”, не маглі б "займаць кіруючых пасадаў прафесараў” у польскіх вышэйшых навучальных установах.
Акрамя таго, Агульнапольская асацыяцыя інтэрнаваных і рэпрэсаваных лічыць, што трэба ануляваць "усе дыпломы, выдадзеныя Акадэміяй унутраных спраў, Вышэйшай школай грамадскіх навук пры ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, Палітычнай ваеннай акадэміяй імя Ф. Э. Дзяржынскага" і падобныя дыпломы, выдадзеныя палякам унівэрсітэтамі камуністычных краінаў.
Асацыяцыя таксама прапануе пазбавіць навуковых тытулаў асоб, якія атрымалі іх у камуністычным перыядзе за кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, накіраваныя выключна на "камуністычную прапаганду”.
Паводле газеты „Nasz Dziennik”, ідэю люстрацыі на польскіх вучэльнях падтрымлівае таксама Паразуменне ветэранскіх і незалежніцкіх арганізацый.