У Польшчы ўласнікам могуць вярнуць творы мастацтва, канфіскаваныя камуністамі
Такі законапраект прадставіла ў пятніцу Міністэрства юстыцыі Польшчы.
У Польшчы рыхтуецца новы закон аб рэпрыватызацыі — вяртанні законным уладарам маёмасці, канфіскаванай камуністычнымі ўладамі. Згодна з ім, грамадзяне атрымаюць права на вяртанне не толькі нерухомай, але і рухомай маёмасці — напрыклад, твораў мастацтва.
Пры гэтым мастацкія творы, уключаныя ў спіс помнікаў культуры (напрыклад, музейныя экспанаты) вяртацца не будуць.
Згодна з праектам закону, на працягу 6 месяцаў органы мясцовага самакіравання і музеі павінныя апублікаваць спісы маёмасці, якая падлягае рэпрыватызацыі.
На тое, каб падаць заяву на зварот канфіскаванай камуністычнымі ўладамі маёмасці, нашчадкі былых уласнікаў будуць мець год.
У некаторых выпадках дзяржава атрымае права выкупіць рэпрыватызаваную маёмасць, аддаўшы ўласніку 20% рынкавага кошту гэтай маёмасці.