Люцыян Жалігоўскі: літвін, паляк ці беларус?

Постаць гэтага генерала застаецца малавядомай. Прынята лічыць, што гэты таленавіты вайскавод быў дзеячам Польшчы, для Беларусі — чужынец ці здраднік. Кім жа быў — генерал Броні Люцыян Жалігоўскі?

zeligowski_loc_31862u.jpg


Шляхціц з вуліцы

Люцыян Мячыслаў Рафал Жалігоўскі нарадзіўся на Ашмяншчыне 17 кастрычніка 1865 года ў сям’і дробнага літвінскага шляхціча, удзельніка паўстання 1863 года Густава Жалігоўскага і Уладзіславы Трачэўскай. Неўзабаве за ўдзел у паўстанні бацька Люцыяна быў высланы ў Сібір, адкуль ужо не вярнуўся. У сям’і была канфіскаваная ўся маёмасць, зямля, жытло. Люцыян у выніку быў выхаваны цёткай Катарынай у Жупранах Ашмянскага павету — у вялікай беднасці, сярод вясковых хлапчукоў.  

Па атрыманні атэстату сталасці ён вырашыў спраўдзіць запаветную мару — стаць афіцэрам. Не маючы грошай на дарогу і абутак, ён басанож паехаў у Вільню. Нягледзячы на сваю беднату, валодаючы толькі «тутэйшаю» гаворкаю, Люцыян асабістым імпэтам і мэтанакіраванасцю запэўніў настаўнікаў вайсковай вучэльні залічыць яго ў шэрагі юнкераў.

Па выніку навучання прапаршчык Жалігоўскі выбітна здаў іспыты, атрымаў выдатныя рэкамендацыі ад камандзіра, быў вылучаны на афіцэра, узнагароджаны прызавой зброяй, срэбным гадзіннікам і ланцугом з правам насіць яго паверх мундзіру. Гэты прыз марылі атрымаць усе юнкеры.

У 1888 годзе Люцыян Жалігоўскі атрымаў сваё першае афіцэрскае прызначэнне. Варта адзначыць, што яно затрымалася на паўгода: у тагачасным расійскім асяроддзі да каталіка-літвіна ставіліся з пагардаю і падазронасцю, лічачы яго палякам. Урэшце, атрымаўшы лейтэнанта, Жалігоўскі накіраваўся ў 136-ы пяхотны полк у Навачаркаск ва Украіну.

Вальнадумца і цвярэзнік 

У першы ж дзень далучэння лейтэнанта да службы адбыўся інцыдэнт, які паўплываў на ўсё яго жыццё. Па прыбыцці ў полк у суботу раніцай, Жалігоўскі мусіў неадкладна зарэгістравацца ў штаб-кватэры і зрабіць даклад камандзіру. Камандзір палка ў той час абедаў у афіцэрскай сталоўцы. Пабачыўшы новага падначаленага, падпіты палкоўнік падняў тост за здароўе цара і прапанаваў Жалігоўскаму выпіць за тое ж. Піць малады літвін адмовіўся катэгарычна.

Адмова адразу ж ператварылася ў скандал, палкоўнік абвінаваціў лейтэнанта ў падбухторванні да бунту, неадкладна адправіў справаздачу камандзіру дывізіі і прапанаваў аддаць лейтэнанта пад трыбунал за абразу манарха. Быў нават прызначаны камітэт па разгляду справы. Але афіцэры палка, якім, бачна, выхадкі палкоўніка таксама надакучылі, сталі на бок свайго новага калегі. Палкоўнік быў адхілены ад пасады, справу спынілі, але за свавольным літвінам засталася рэпутацыя нестандартнага і небяспечнага афіцэра.

Праз гады Жалігоўскі прааналізаваў той выпадак: «Я атрымаў ад гэтага інцыдэнту выйгрыш у прадукцыйнасці ўздзеяння на далейшае жыццё: 1) Ён назаўсёды адштурхнуў мяне ад гарэлкі і п'яных людзей. Ён зрабіў мяне адзіночкай. Я павярнуўся да літаратуры і французскай мовы. 2) Я сустрэў Валанскага, які меў уплыў на маё жыццё. 3) Я сустрэў украінскую нацыю, Шаўчэнку, Гогаля, песні, стэпы, шырокі Дняпро (…) Гэты выпадак… адвярнуў мяне ад элітных вайскоўцаў і наблізіў да шэрага натоўпу, дзе я знайшоў вялікія значэнні духу і культуры ўнутры. Магчыма, самае галоўнае, ён падняў маю ўпэўненасць ва ўласнай моцы і крытыку да любой хлусні жыцця». 

Беднасць Жалігоўскага ўскладняла яму адносіны з калегамі. Ён не піў, не паліў, браў удзел толькі ў бясплатных гульнях, паездках, спаборніцтвах, але як справа даходзіла да гусаравання, цвёрда адмаўляўся. Становішча вымагала быць паслядоўным да канца і не ісці на кампрамісы. Адмову ад алкаголю Жалігоўскі прадставіў як жыццёвы прынцып. Ён заўжды годна паказваў, што мае ўсё, што яму патрэбна.

Пачатак кар’еры Жалігоўскага прыйшоўся на часы царавання Аляксандра III. Манарх, у адрозненне ад свайго бацькі, рэфарматара Аляксандра II, бачыў развіццё імперыі ў адваротных рэформах, скіраваных на ўмацаванне абсалютызму, цэнзуры і росквіце панславізму. Афіцэрам забаранялася чытаць «няправільныя» кнігі, а выпіўка ды куцяжы квітнелі, дэмаралізуючы войска. Расійская армія Жалігоўскаму бачылася дэградуючай пусткаю.

У сваіх мемуарах ён пісаў: «Армія тады была асноўным падмуркам царскага рэжыму. Вайсковец быў аточаны наглядам і ізаляваны ад грамадства. Афіцэр мог чытаць толькі тое, што дазволена, пайсці туды, дзе ён можа знаходзіцца пад наглядам, казаць толькі тое, што aпрабавала камандаванне. [...] Прадчувалася вялікая рэвалюцыя. Уся літаратура, мастацтва, музыка і паэзія былі накіраваны рэвалюцыйна. Забойства цара, катаванні рэвалюцыянераў, рэфлексы інтэлекту — усё гэта робіцца ў атмасферы рызыкі чаканняў. Палітыка, паліцыя — усе органы ўлады былі мабілізаваны для адсочвання, нагляду за рэвалюцыянерамі. Гэта асабліва адлюстроўвалася ў невялікіх гарнізонах. Там жыццё цалкам затанула. Ні тэатру, ці бібліятэкі, або газеты, грамадства — нічога. Толькі службоўцы, практыкаванні, а затым казіно, карты, гарэлка, п'янства. Добры афіцэр не павінен думаць — ён чытае правілы. З іншага боку, не бракавала гарэлкі, распаўсюджваліся скандалы. Ноччу часта была страляніна, самагубствы. Сем'і амаль зніклі, а жанчыны былі найнешчаслівейшымі істотамі. Нормаю заставаліся даўгавечныя оргіі, п'янства. [...] Гэта быў сапраўды сумны час для ўсёй нацыі. Беднасць, карупцыя, голад, непісьменнасць».

Рэалізоўваўся Жалігоўскі ў іншым — даследаваў палі баёў Крымскай вайны, наведваў храмы, ладзіў экспедыцыі на Дняпро, назіраў звычкі мясцовага насельніцтва. Ён карыстаўся ўсімі магчымасцямі пашырыць свае веды і атрымаць новыя ўражанні. Так ён сустрэўся з Луіджы Валанскім, які сваёй бібліятэкай і цікавасцю да бягучых падзеяў аказаў вялікі ўплыў на яго асобу.

wikipedia.org__8__logo_1.jpg

Ад капітана да камдзіва 

Неўзабаве Жалігоўскаму выпала прадэманстраваць навыкі ў вайсковым рамястве. У 1904-м капітан Жалігоўскі ў Маньчжурыі ўзяў удзел у руска-японскай вайне. У 1905 годзе за свае перакананні ён прадстаў перад судом, які скончыўся апраўдальным выракам.  

У 1907-м Жалігоўскі пабраўся шлюбам з Таццянай Лапата, якая падаравала яму блізнятак Тадэвуша і Яніну.

Падчас Першай сусветнай вайны Жалігоўскі быў ужо палкоўнікам. Яго прызначылі камандзірам пяхотнага палка. У верасні 1915 годзе расійскае камандаванне пачало фармаваць Польскую брыгаду стральцоў. Жалігоўскі, бацькі якога колісь змагаліся за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, па ўласнай просьбе перайшоў у брыгаду на пасаду камандзіра батальёну. У чэрвені 1916-га брыгада дасягнула баявой гатоўнасці і 27 ліпеня прайшла баявы хрост, фарсуючы раку Шчару.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі, у сувязі з ростам рэвалюцыйных настрояў у расійскім войску, брыгада была рэарганізаваная ў І Польскі корпус, а Жалігоўскі накіраваны ў расійскае войска. Аднак хутка ён вярнуўся на пасаду камандзіра І пяхотнай дывізіі.

Кастрычніцкі пераварот у Пецярбурзе зноў справакаваў Жалігоўскага на службовы канфлікт. Генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі выступаў за падтрымку Часовага ўраду, а Жалігоўскі лічыў, што польскія вайсковыя адзінкі павінны заставацца нейтральнымі. У выніку вясной 1918 года Доўбар-Мусніцкі звольніў Жалігоўскага з усіх пасадаў.

Выратавальнік Еўропы 

Выехаўшы ў Кіеў, Жалігоўскі ўвайшоў у склад Найвышэйшага польскага вайсковага камітэту, што з французскай вайсковай місіяй ствараў армію генерала Юзэфа Галера. Ужо 3 ліпеня 1918 года Галер прызначыў Жалігоўскага камандзірам Войска Польскага на Усходзе і ўзвёў да чыну генерал-падпаручніка.

На чале створанай на Кубані Дывізіі польскіх стральцоў Жалігоўскі ў 1919 годзе вёў баі з бальшавікамі і ўкраінскімі вайсковымі гуфамі і праз Бесарабію вывеў дывізію ў Польшчу. Там генерал зблізіўся з Юзафам Пілсудскім і разам з ім стаў адным з аўтараў канцэпцыі новай канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай з удзелам Польшчы, Украіны, Беларусі і Жамойціі.

Падчас бальшавіцка-польскай вайны Жалігоўскі спачатку камандаваў Беларуска-Літоўскім Фронтам, потым аперацыйнай групай у раёне Мінска, а таксама 10-й пяхотнай дывізіяй. Па дамоўленасці з эміграцыйным урадам БНР былі створаныя беларускія фармаванні пад камандаваннем Беларускай Вайсковай Камісіі, а таксама беларускія гуфы ў складзе Войска Польскага — дзве літоўска-беларускія дывізіі. Жалігоўскі ачольваў першую з іх.

У 1920 годзе ў знакамітай Варшаўскай бітве дывізія Жалігоўскага і беларускія эскадроны Станіслава Булак-Балаховіча мужна абаранялі польскую сталіцу і адыгралі ключавую ролю ў перамозе над чырвонымі. Менавіта яны — беларусы Жалігоўскага, — авалодалі месцам Радзімін, разамкнуўшы фронт бальшавікоў. Як казаў пасля брытанскі пасол: «Варшаўская бітва 1920 годабыла васямнаццатым самым важным боем у свеце. Перамога бальшавікоў была б паваротным момантам у гісторыі Еўропы. Цэнтральная Еўропа стала б ахвярай камуністычнай прапаганды і савецкага ўварвання. Гэта была вайна паміж дзвюма сістэмамі і культурамі, і яе зыход вырашыў лёс Еўропы».

arol_z_pahonjaj_litouska_belaruskae_dyvizyi_zelihouskaha_logo_1.jpg


Як стварыць дзяржаву? 

З-за перавагі ў польскім урадзе ўнітарнай канцэпцыі Рамана Дмоўскага, з-за складанай сітуацыі на савецкім фронце, з-за ўмоваў пагаднення з краінамі Антанты ідэя федэратыўнай Рэчы Паспалітай правалілася. Вільню са значнай часткай краю занялі летувіскія войскі.  

Насельніцтва Віленшчыны было пераважна беларускім і каталіцкім. Многія не жадалі разрыву з палякамі і не бачылі сябе ў жамойцкай дзяржаве. Пазней генерал занатаваў гэтае стаўленне тутэйшых літвінаў да ўлады нованазваных літвінаў-летувісаў: «Мы ўсе апелявалі даўнімі катэгорыямі. Пад словам "літвін" мы разумелі паняцце Літвы гістарычнай, Літву вялікіх мэтаў, вялікіх людзей, вялікай ідэяў. Мы шанавалі нашы традыцыі, нават попел Зніча пад Катэдрай. Нічога з прышласці не пакінула следу, новаяўлены «літвін» аказаўся ворагам… і чакаў прыезду на трон літоўскі — Гагенцолерна, пад імем — о, іронія! — Міндоўга ІІ. Найбольш перажываў за гэта Маршалак. Чакаў, верыў у людское разуменне і розум. Толькі люднасць мясцовая адкідала ўсё, што тады назвала сябе «літоўскім». Ніхто не хацеў чуць пра навуку жмудскае мовы, ніхто не прызнаваў «літоўскага» чыноўніка, і любая кабета не хацела ісці ў касцёл, дзе служыў «літоўскі» ксёндз. Чаму мы, адвечныя насельнікі Літвы, мусілі ўнікаць той дарагой для нас назвы, а іншыя людзі, што не маюць з Літвою нічога супольнага, — называць сябе літвінамі?..» 

Звязаны дамовамі з Антантаю Пілсудскі, сам будучы віленскім літвінам, не мог выступіць супраць Летувы. Жалігоўскі ж, пасля неафіцыйнай сустрэчы з Пілсудскім у Баранавічах і пры яго негалоснай згодзе абвясціў пра непадпарадкаванне Польшчы і вывеў сваю дывізію з-пад польскай улады.  

А 6 гадзіне раніцы 8 кастрычніка 1920 года «мяцежная беларуская дывізія», большасць жаўнераў якой была з Віленшчыны, рушыла на Вільню, да якой было 50 км. Перад выступам генерал звярнуўся да сваіх байцоў: «…трымаць узорны парадак і не дапускаць непрыстойных учынкаў з боку жаўнераў, якія ўступяць у Вільню, бо менавіта выпадкі нашых неадэкватных паводзінаў нясуць галоўную пагрозу нашай справе і найбольшую шкоду нашаму гонару!»

Поспех залежаў цалкам ад генерала. У выпадку паразы ці ўмешвання Антанты, жалігоўцы не атрымалі б ад палякаў ніякай дапамогі. Але Жалігоўскі не пабаяўся ўзяць на свае плечы адказнасць за ўсе дзеянні гэтага паходу, які дэ-юрэ быў супраць волі польскага камандавання.

Нязначныя перастрэлкі з летувіскімі войскамі адбыліся ля Рудніцкага лесу і чыгуначнай станцыі Стасілы. Істотны супраціў сустрэў жалігоўцаў на рацэ Мерачанцы. Дзвюхгадзінны бой скончыўся перамогаю жалігоўцаў. Палонных генерал загадаў раззброіць і адпусціць, звярнуўшыся да іх: «Мы не жадаем ваяваць з вамі, мы толькі вяртаемся дахаты пасля вайны». 

Ужо на наступны дзень, 9 кастрычніка, дывізія скончыла сваю «мяцежную» справу. Вільня была захоплена генералам, да радасці яе месцічаў. Яны сардэчна віталі Жалігоўскага. Прамаўляючы перад віленцамі, генерал, з вільготнымі ад радасці вачыма, нібы апраўдваўся: «Вільню ўзяў не той Жалігоўскі, які камандаваў войскамі пры Радзіміне, а той, які хлопчыкам прыйшоў басанож з Жупранаў, каб трымаць школьныя іспыты і правёў ноч на лаўцы ў садзе бернардзінаў».

Летувіскія гуфы былі вымушаны адступіць з Вільні, Ашмянаў, Свянцянаў, а генерал абвясціў стварэнне новай дзяржавы — Рэспублікі Сярэдняя Літва.

Пасля генерал пісаў: «Чым больш маіх жаўнераў было звязана з Вільняю і Віленскаю зямлёю, тым менш ваганняў я адчуваў, бо меў толькі адно — шчырую радасць, што пасля нягодаў вайны і выгнання, я нарэшце вярнуся ў Вільню і буду вітаць сваіх блізкіх. Гэта самае дарагое...»

Трагізм падзеяў быў у тым, што і па іншы бок таксама былі беларусы. У 1919 годзе расколатым урадам БНР былі створаны вайсковыя гуфы і ў Летуве. Беларусь тады страціла незалежнасць, цалкам яе не атрымаўшы, а самі беларусы былі вымушаны счапіцца між сабою са зброяю ў руках у барацьбе за Віленшчыну, мужна выконваючы дадзеную прысягу.

wikipedia.org_1_logo_1.png


Няспраўджаная мара 

Чаму ж Жалігоўскі, будучы літвінам, выбраў службу маладой Польшчы, а не БНР?.. Беларускі нацыянальны рух тады грунтаваўся на левых рэвалюцыйных поглядах і ў ім, за рэдкім выключэннем, не было месца літвінам-арыстакратам, да якіх належаў Жалігоўскі. Генерал называў сябе не беларусам, а літвінам, але цалкам прыязна ставіўся да беларускага руху. Дасведчаны і прадбачлівы вайскоўца, Жалігоўскі разумеў, што слабая БНР з выгнаным за мяжу і расколатым урадам, не надта шматлікім і раскіданым па розных краінах войскам, фізічна не мае рэсурсаў на самастойнае адраджэнне і развіццё. Да таго ж, ён з дзяцінства выхоўваўся на ідэалах адраджэння Рэчы Паспалітай і не хацеў бачыць яе ў новай разарванасці.

Ён пісаў: "Вільню заняў не польскі генерал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыннікаў на літвінскай зямлі. Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы літвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцці звязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другога».

Вярхоўная ўлада ў Сярэдняй Літве належала Вярхоўнаму камандуючаму войскамі, а выканаўчая — Часоваму выканкаму. Дзяржава функцыянавала з усімі патрэбнымі атрыбутамі і ўстановамі. Дзяржаўнымі сімваламі былі ўстаноўлены герб у выглядзе чырвонага шчыта з выяваю белага арла праваруч і Пагоні леваруч і чырвоны сцяг з такою ж выяваю. Урад быў прадстаўлены як польскімі, так і беларускімі дэпутатамі. Прэса, справаводства і навучанне былі двухмоўнымі. Аднак, з-за незнаходжання кампрамісу з польскай паловаю ў вырашэнні палітычных пытанняў, беларускія дэпутаты ў знак пратэсту выходзяць з ураду ўжо ў 1921 годзе.

Каму яны гэтым зрабілі горш? Польскі ўплыў ва ўрадзе стаў вырашальным. Праз год на Сейме ў Вільні, карыстаючыся сваёй большасцю, польскія дэпутаты прагаласавалі за ўваход Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.

wikipedia.org__4__logo_1.jpg


Шанаваны генерал 

Жалігоўскі стаў інспектарам войска ў Варшаве. У 1924 годзе прэзідэнт Вайцяхоўскі павысіў Жалігоўскага да годнасці генерала Броні. За ўсю гісторыю гэтую годнасць мелі толькі 16 афіцэраў. Генерал становіцца ваенным міністрам і дапамагае свайму старому сябрую Юзафу Пілсудскаму ажыццявіць «майскі пераварот» у 1926 годзе. У 1927-м сыходзіць у адстаўку.

Напярэдадні нападу фашыстаў на Польшчу, 25 жніўня 1939 года Жалігоўскі даслаў зварот да маршала Рыдз-Сміглы з просьбаю вяртання на вайсковую службу: «Генерал Люцыян Жалігоўскі — маршалу Польшчы. Пане Маршалу! Хаця я ёсць старым чалавекам, але Бог захаваў мае сілы і здароўе, якія я буду шчаслівы ўжыць да барацьбы з адвечным ворагам Польшчы».

З-за сталага ўзросту зварот ветэрана адхілілі, але няўрымслівасць старога вайскавода не дазволіла яму сядзець дома. Жалігоўскі ў якасці цывільнага дарадцы дапамагаў камандуючаму Паўднёвым фронтам генералу Сасноўскаму. Па капітуляцыі Львова ён эвакуяваўся праз Румынію ў Францыю, а потым у Вялікабрытанію.

Па сканчэнні Другой сусветнай вайны Жалігоўскі рыхтаваўся вярнуцца ў Польшчу. Але ён памёр 9 ліпеня 1947 года ў Лондане на 87-м годзе жыцця. Смерць напаткала яго якраз у час падрыхтоўкі пераезду на радзіму.

Згодна яго волі, цела было перавезена ў Варшаву і пахавана на вайсковых могілках. Транспарт арганізаваў брыгадны генерал Станіслаў Татар, выкарыстаўшы гэтую магчымасць для перавозу да Польшчы захаваных у Брытаніі архіваў Народнага Фонду Абароны. Гэта была апошняя служба генерала Жалігоўскага.

За гады сваёй службы Люцыян Жалігоўскі атрымаў больш за 20 узнагарод і тытулаў, сярод якіх і Георгіеўскі Крыж Расійскай імперыі. Імем генерала Жалігоўскага названы вуліцы ў Варшаве і Лодзі. Таксама вуліца яго імя была ў даваеннай Лідзе, але ў 1940 годзе савецкія ўлады перайменавалі яе ў вуліцу Дзяржынскага.