У Расіі выбухнуў газаправод, па якім пастаўляецца газ у Еўропу

У Чувашыі загарэўся магістральны газаправод Урэнгой-Памары-Ужгарад, па якім газ з Заходняй Сібіры праз Украіну пастаўляецца ў Еўропу. Улады паведамілі, што пажар пачаўся падчас правядзення планавых рамонтных работ.

01bd4291_f871_4eb1_9eab_4da034c60a8e_14754.webp


Выбух і моцны пажар адбыліся на ўчастку газаправода каля вёскі Ямбахціна ў Вурнарскім раёне рэспублікі. Пры выбуху загінулі тры чалавекі, яшчэ адзін знаходзіцца ў шокавым стане, паведаміў кіраўнік Чувашыі Алег Нікалаеў, паведамляе АФН.

Што стала прычынай выбуху ў Чувашыі, пакуль дакладна невядома. У рэгіянальным упраўленні МНС паведамілі толькі, што прарыў газу адбыўся падчас планавых рамонтных работ. У прэс-службе кіраўніка рэспублікі ўдакладнілі, што на газаправодзе працавала эксплуатуючая яго арганізацыя — «Газпрам Трансгаз Ніжні Ноўгарад».

«Працавала, па папярэдніх даных, чатыры чалавекі. На жаль, трое з іх загінулі пры рэзкім узгаранні газу. Адзін чалавек, кіроўца, ацалеў, цяпер знаходзіцца ў шокавым стане», — распавёў кіраўнік рэспублікі Нікалаеў у тэлеэфіры.

Паколькі труба Урэнгой-Памары-Ужгарад забяспечвае пастаўкі праз адзіны пакінуты ўваход для транзіту расійскага газу ў Еўропу праз Украіну, біржавыя каціроўкі на газавым хабе TTF на навіны пра пажар у Чувашыі падскоквалі амаль на 10%, потым скарэктаваліся да 4%.

Цяпер гэты газаправод — адзіны канал праз Украіну, па якім расійскі газ паступае ў Еўропу, канстатуе расійскі Forbes. Нягледзячы на вайну, Украіна працягвае ажыццяўляць транзіт расійскага газу, а Расія — плаціць за яго.

«Цяпер аварыйныя службы выконваюць усе першачарговыя мерапрыемствы, таму што адразу ж у моманце немагчыма падысці да месца здарэння. У бліжэйшы час нашы аператыўныя службы разбяруцца ў дэталях, і будуць прыняты ўсе аператыўныя меры для таго, каб ліквідаваць непаладкі», — напісаў Нікалаеў у сваім тэлеграм-канале. Паводле яго, невядома, калі газ можна будзе зноў пусціць па трубаправодзе.

Нагадаем, на мінулым тыдні выбух і моцны пажар адбыліся на нафтаперапрацоўчым заводзе «Ангарскай нафтахімічнай кампаніі» ў Іркуцкай вобласці, загінулі два чалавекі, яшчэ пяцёра пацярпелі. Выбух быў такой сілы, што Геафізічная служба РАН зафіксавала ў рэгіёне сейсмічную падзею.