Украіна. Мове — асаблівыя літары

Украінскі мастак-графік Васіль Чабанік скончыў свой адметны варыянт адлюстравання літар украінскага алфавіту.

Васіль Чабанік. Фота typographyby.wordpress.com

Васіль Чабанік. Фота typographyby.wordpress.com

Яшчэ ў 1970-х гадах ён задумаўся над значэннем візуалізацыі мовы для нацыянальнай культуры і прыйшоў да цікавых высноваў. Аказваецца, украінская мова прыкладна з 1713 года перадаецца расійскім шрыфтам, які ўвёў Пётр І. Між тым, да канца XVIII стагоддзя на тэрыторыі Украіны і Славакіі выкарыстоўваўся свой, арыгінальны шрыфт, які ў замежнай літаратуры называлі «рутэнішэ шрыфт».

Задачу аднавіць ды мадэрнізаваць гэты шрыфт і паставіў перад сабою мастак. І цяпер праца завершаная, гэты шрыфт Чабанік назваў «Рутэнія». Больш за тое, новая графіка, як сцвярджае аўтар, па сваёй пластыцы перадае мелодыку ўкраінскай мовы.

«Рутэнія». Фота typographyby.wordpress.com

«Рутэнія». Фота typographyby.wordpress.com

Цяпер мастак чакае рэакцыі ўрада, які павінен абавязкова зацікавіцца «Рутэніяй». «У нас амаль няма знешняй розніцы з Расіяй, таму яны там крычаць, што мы — “адзіная краіна”. Візуальна мы вельмі блізкія. Аднак, калі прыняць нацыянальную азбуку, будзе адразу відаць, што Украіна — гэта іншая дзяржава», — сцвярджае Чэбанік.

Паводле ўкраінскай прэсы