Украіна ўвяла транспартную блакаду ЛНР і ДНР
Савет нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны падтрымаў прапанову прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб спыненні транспартнага злучэння з тэрыторыямі, кантраляванымі ЛНР і ДНР.
Пра гэта пасля завяршэння экстраннага пасяджэння савета заявіў сакратар СНБА Украіны Аляксандр Турчынаў па выніках пасяджэння Савета.
Выключэнне, паводле яго слоў, будзе зроблена толькі для гуманітарных грузаў.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, выносячы на разгляд СНБА пытанне аб транспартнай блакадзе ЛНР і ДНР, заявіў, што да выканання гэтай задачы акрамя сілавых структур варта прыцягнуць «добраахвотніцкія мабільныя групы», у першую чаргу, удзельнікаў баявых дзеянняў.
МУС, Нацпаліцыя, НГУ і СБУ павінны неадкладна спыніць перасоўванне грузаў праз лінію судакранання чыгуначнымі і аўтамабільнымі шляхамі і стварыць умовы для прыцягнення грамадскага кантролю па выкананні гэтага рашэння.
З канца лютага транспартныя зносіны паміж тэрыторыямі, кантраляванымі сепаратыстамі, і астатняй часткай Украіны блакуюць ветэраны сілавой аперацыі ў Данбасе і іншыя актывісты.
Улады самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік (ЛНР і ДНР) заявілі, што калі Кіеў не распачне неабходныя дзеянні для разблакавання транспартнага злучэння, то яны увядуць знешняе кіраванне на прадпрыемствах, якія знаходзяцца ва ўкраінскай юрысдыкцыі.
Актывісты працягнулі блакаду, і 1 сакавіка ЛНР і ДНР абвясцілі аб увядзенні вонкавага кіравання на ўкраінскіх прадпрыемствах, якія знаходзяцца на падкантрольнай ім тэрыторыі.
«Гвалтоўны захоп украінскіх прадпрыемстваў» сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў назваў адной з галоўных прычын, па якіх было прынята рашэнне аб транспартнай блакадзе.
Паводле meduza.io