Ва Украіне прапалі без вестак больш за 16 тысяч чалавек, з іх 2 тысячы дзеці, зніклыя з бацькамі
Аб сітуацыі ўкраінскі амбудсмен Людміла Дзянісава праінфармавала камісара Савета Еўропы па правах чалавека Дуню Міятавіч, якая знаходзіцца ва Украіне з візітам.
На тэлефон гарачай лініі ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады
паступіла больш за 16,6 тысячы зваротаў па пошуку зніклых без вестак украінцаў,
з іх амаль 2 тысячы дзеці, зніклыя разам з бацькамі.
Пра гэта паведаміла ў Telegram украінскі амбудсмен Людміла
Дзянісава, піша unian.net.
Паводле яе слоў, яна праінфармавала аб гэтым камісара Савета
Еўропы па правах чалавека Дуню Міятавіч, якая знаходзіцца ва Украіне з чатырохдзённым візітам.
«У супрацоўніцтве з прадстаўнікамі міжнароднай камісіі
па пытаннях зніклых без вестак плануем прымяніць сумесны механізм па іх
пошуку», — адзначыла Дзянісава, паведаміўшы, што Міятавіч вітала такое
супрацоўніцтва і дадала, што дзякуючы яму можна будзе дасягнуць рэальных
вынікаў.
Паводле паведамлення, Камісар ЕС па правах чалавека
адзначыла, што сваёй прысутнасцю ва Украіне яна дэманструе салідарнасць ЕС з
народам Украіны.
Міятавіч наведала вызваленыя ад расійскіх войскаў гарады ў
Кіеўскай вобласці. Паводле яе слоў, гэтыя гарады з'яўляюцца сімвалам і рэальнай
карцінай зверстваў РФ ва Украіне і менавіта з іх павінна пачынацца аднаўленне
Украіны пасля вайны, пра што яна будзе казаць у сваіх выступах перад
кіраўніцтвам ЕС.
Дзянісава таксама паведаміла сваёй калезе, што з часу іх
апошняй сустрэчы ў Страсбургу колькасць званкоў на гарачую лінію ўпаўнаважанага ВР і на спецыяльную тэлефонную лінію псіхалагічнай дапамогі павялічылася.
Таксама змянілася і геаграфія зваротаў.
Акрамя таго, Дзянісава прыцягнула ўвагу да працэсу старанна
і загадзя спланаванай прымусовай дэпартацыі украінцаў у РФ, што пацвярджаецца
атрыманай інсайдарскай інфармацыяй. Уся гэтая інфармацыя будзе перададзена
камісару СЕ па правах чалавека для выкарыстання пры планаванні наступных
мерапрыемстваў.
«Па выніках чатырохдзённай рабочай паездкі ва Украіну
Дуня Міятавіч плануе выступіць з дакладам у Камітэце міністраў Савета Еўропы і
далажыць пра ўбачанае ва Украіне. Яна падкрэсліла, што і ў далейшым будзе
працягваць падымаць пытанне Украіны на ўсіх міжнародных пляцоўках і настойваць
на тым, што ваенныя злачынствы павінны быць старанна расследаваныя. Дамовіліся
аб узмацненні супрацоўніцтва ў пытаннях абароны правоў грамадзян Украіны і
пастаянным абмене інфармацыяй аб актуальным стане спраў у нашай дзяржаве», — паведаміла Дзянісава.