Візы ўкраінцам адменяць незалежна ад выніку галандcкага рэферэндума

Рашэнне пра ўвядзенне бязвізавага рэжыму паміж Украінай і ЕС можа быць прынятае ўжо ў гэтым годзе


Негатыўныя вынікі рэферэндума ў Галандыі не перашкодзяць Еўропе ўвесці бязвізавы рэжым з Украінай. Пра гэта заявіў у пятніцу міністр замежных справаў Украіны Павал Клімкін.
Па словах дыпламата, улады Еўрасаюза ўжо запэўнілі яго, што адмена візаў для ўкраінцаў — гэта асобная працэдура, якая ніяк не звязаная з дамовай аб асацыяцыі. Пра хуткае ўвядзенне бязвізавага руху ўжо заявіла Еўрапейская камісія.
Прыгадаем, што 6 красавіка больш за 60% удзельнікаў рэферэндума ў Галандыі выказалася супраць ратыфікацыі дамовы аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай. У рэферэндуме прынялі ўдзел больш за 30% выбаршчыкаў і ён насіў кансультатыўны характар. Галандскі ўрад заявіў, што «прыме пад увагу» вынікі галасавання. 
Паводле Польскага радыё для Беларусі