З палону вызвалілі памежніка са Змяінага — сапраўднага аўтара фразы пра рускі карабель

Украіне ўдалося вызваліць з расійскага палону памежніка са Змяінага, які падчас нападу Расіі паслаў рускі карабель, піша hromadske.ua.

image_5_1.jpg

Пра гэта ў каментары выданню паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
Раней СМІ распаўсюджвалі інфармацыю, што аўтарам фразы аб расійскім караблі нібыта з'яўляецца марскі пяхотнік Раман Грыбаў, якога ўдалося вызваліць з палону яшчэ ў канцы сакавіка. Зрэшты, насамрэч за гэтымі словамі стаяў не ён, а адзін з памежнікаў.
Дземчанка адзначыў, што Дзяржпагранслужба і Узброеныя сілы не абвяргалі і не пацвярджалі інфармацыю аб аўтарстве Грыбава, каб не падвяргаць небяспецы ўсіх палонных абаронцаў Змяінага.
Аднак цяпер ДПСУ можа пацвердзіць, што аўтарам слоў аб караблі быў менавіта памежнік, якога ўжо вызвалілі з палону. Дземчанка патлумачыў, што Украіна пакуль захоўвае ў сакрэце імя сапраўднага аўтара з меркаванняў бяспекі, аднак прэс-сакратар спадзяецца, што найбліжэйшым часам будзе магчымасць раскрыць і гэтую інфармацыю. Дземчанка расказвае, што падчас атакі расіян на Змяіны сярод украінскіх ваенных канал сувязі быў толькі ў памежнікаў. Такім чынам, расійскія судны маглі мець зносіны з украінскімі сіламі на востраве толькі праз іх.
Дземчанка адзначыў, што з-за гэтага сярод украінскіх палонных са Змяінага больш за ўсё дапытвалі памежнікаў. Менавіта таму Украіна не магла афіцыйна ні пацвердзіць інфармацыю аб Грыбаве, ні абвергнуць, бо гэта магло нашкодзіць палонным.
Прэс-сакратар таксама патлумачыў, як быў створаны аўдыёфайл, на якім памежнік пасылае рускі карабель. Яго запісвалі іншыя ўкраінскія вайскоўцы на мацерыковай частцы Украіны, дзе ёсць такая ж радыёкропка. У рэшце рэшт яны і зафіксавалі знакамітыя словы памежніка.