Зяленскі вырашыў выдаць грамадзянства Украіны жыхарам «дружалюбных краін»
Зяленскі даручыў МЗС прапрацаваць ідэю прадастаўляць украінцам з іншых краін грамадзянства краіны. Распараджэнне з’явілася пасля падаўжэння арышту ўкраінскіх маракоў і рашэння Пуціна па грамадзянстве Расіі жыхарам Данбаса.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў МЗС Украіны распрацаваць механізм прадастаўлення ўкраінскага грамадзянства этнічным украінцам з «дружалюбных краін». Аб гэтым паведамляецца ў Facebook яго офіса.
«Прэзідэнт Украіны даручае МЗС распрацаваць механізм прадастаўлення ўкраінскага грамадзянства як другога для этнічных украінцаў з дружалюбных нам краін», — гаворыцца ў паведамленні. Таксама адзначаецца, што Зяленскі даручыў распрацаваць механізм спрошчанага атрымання грамадзянства людзьмі, якія ў сваіх родных краінах сутыкаюцца з парушэннем правоў і свабодаў.
У паведамленні ўказана, што рашэнне расийскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна распаўсюдзіць спрошчаны рэжым атрымання грамадзянства Расіі на ўсіх украінцаў, якія раней жылі ў любым раёне Данбаса, з’яўляецца дадатковай перашкодай для дээскалацыі канфлікту ў рэгіёне.
Раней Пуцін падпісаў указ, у адпаведнасці з якім на расійскае грамадзянства ў спрошчаным парадку могуць прэтэндаваць украінцы, якія раней жылі ў любым раёне Луганскай або Данецкай абласцей Украіны. У красавіку такую магчымасць атрымалі толькі тыя, хто жыў на тэрыторыях самаабвешчаных ДНР і ЛНР, якія займаюць частку гэтых рэгіёнаў.
1 траўня Пуцін дазволіў спрошчана атрымліваць расійскі пашпарт тым, хто жыў у Крыме, але з’ехаў да яго ўваходжання ў склад Расіі. У Кіеве дзеянні Масквы тады назвалі «дыверсійнай пашпартызацыяй».
Паводле РБК