Генадзь Драздоў — грамадзянін і мастак

У яго жывапісе і графіцы злучаюцца постмадэрнізм і сакральнасць. Ён прымае ўдзел у шматлікіх нацыянальных і міжнародных пленэрах, выставах на радзіме і за мяжой, у тым ліку ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Бельгіі, Германіі, ЗША, Нарвегіі, Польшчы і Расіі, з’яўляецца аўтарам канцэптуальных праектаў «Фэст беларускага духоўнага мастацтва», «Перформанс вясны» і «Артрэйтынг».



1_hienadzj_drazdou_u_majsterni.jpg

Генадзь Драздоў у майстэрні

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальнай бібліятэцы, у прыватных айчынных і замежных зборах. Яго творчасць высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі. Так, артыкул пра Драздова ўключаны ў нямецкую 80-томную энцыклапедыю «Мастакі ўсіх часоў і народаў». Мастак узнагароджаны дыпломам I ступені на II Мінскай міжнароднай выставе графікі.

Генадзь Драздоў узначальвае суполку «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. Цікавіцца музыкай і паэзіяй. Ягоныя мудраслоўі і кампазіцыі на гітары западаюць у душу. З’яўляючыся прыхільнікам беларускай аўтакефаліі, вялікую ўвагу надае справе адраджэння нацыянальнай праваслаўнай царквы.

Разам з сябрамі, мастакамі Рыгорам Сітніцам і Яўгенам Шатохіным, на ягонай яхце «25 сакавіка» вандраваў па Чарнобыльскай зоне, пра што кінарэжысёр Уладзімер Колас зрабіў дакументальна-публіцыстычны фільм «Белы ветразь над Прыпяццю».

Падчас нашых сустрэч і размоў я распытваў Генадзя Драздова пра яго жыццё і творчасць.


Дзяцінства

4_2_genadz_drazdo_.jpg

Я нарадзіўся 11 сакавіка 1959 года ў вёсцы Паддуб’е Журавіцкага сельсавета Рагачоўскага раёна, што на Гомельшчыне. Хутар Паддуб’е быў заснаваны на пачатку 1920-х гадоў выхадцамі з наваколляў мястэчка Журавічы ды вёскі Хатоўня. Так званымі раскулачанымі. Аднавяскоўцы былі ў добрасуседскіх адносінах і падчас масавай калектывізацыі шкадавалі адзін аднаго. Вось чаму, калі па партыйна-савецкай разнарадцы трэба было некага раскулачыць, людзі прапаноўвалі найбольш працавітым і заможным сялянам, сярод каторых у калгаснікаў было шмат сваякоў, з’ехаць на недалёкі хутар. Гэта дазваляла паставіць «галачку» ў спісе раскулачаных з пазнакай «выселены на хутар».

З цягам часу перасяленцы асушылі балоты, парабілі гаці, асвоілі новыя землі, і ў Паддуб’і паўсталі 35 двароў. Зараз, на жаль, іх там засталося ўсяго некалькі. Мясціны вельмі прыгожыя — навокал некранутая прырода Палесся: вялікія раўнінныя палі з магутнымі шматвяковымі дубамі-волатамі, балоты, возера і рэчка Гутлянка — прыток Дняпра.

Так што дзяцінства маё прайшло з рыбалкай, купаннем і цікавымі прыгодамі на пашы, куды прыганялі коней на начлег. Звычайна каля магутных дубоў мы раскладалі вогнішча і рабілі феерверкі: вялікімі цвікамі прабівалі дзіркі ў бляшанках з-пад кансерваў, насыпалі гарачых вуголляў, прыкручвалі да іх кавалкі дроту, а затым кідалі ў гору. Іскрыстая бляшанка ляцела да зямлі з жудасным выццём, якое завяршалася страшэнным выбухам з адмысловым снапом іскраў…

У школу я хадзіў у Журавічы, дзе некалі былі сінагога, дзве малітоўныя габрэйскія школы, царква і касцёл XVI стагоддзя, дзе ў 1651 годзе пакланяўся цудадзейнаму абразу Маці Божай сам кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Ян II Казімір. На жаль, да нашага часу нічога з помнікаў старасвеччыны не захавалася. Пасля Чарнобылю ўвесь гэта край патроху занепадае…

Бацькі былі прафесіяналамі сваёй справы ад Бога: тата — краўцом, а маці — швачкай. Да іх прыязджалі людзі з усёй Гомельшчыны. Я малым вельмі любіў паслухаць іх аповеды пра дзяцінства, службу ў войску і ўдзел у войнах, а таксама ўспаміны сваякоў сталага веку па мацярынскай лініі — дзеда Лаўрэна і бабулькі Мар’і Кісялёў. Ад дзеда — героя Першай сусветнай вайны, ушанаванага дзвюма срэбранымі крыжамі за храбрасць, што быў вядомым сталяром і цесляром, — да гэтай пары ў вёсцы Пахар захаваўся зрублены ім хлеў у панскім бровары. Дарэчы, з павагі да яго майстэрства, дзеда нават не забралі на савецка-фінскую вайну, хаця ён прынцыпова адмовіўся працаваць у саўгасе.

Бабулька была чалавекам веруючым і вельмі мудрым, бо казала, што мы — госці на гэтай зямлі, і ведала, адкуль яна, хто яна і навошта існуе ў гэтым свеце. Хаця яна закончыла ўсяго толькі два класы царкоўна-прыходскай школы, я лічу, што яна была мудрэй за любога прафесара. У 1941 годзе дзед Лаўрэн загінуў, і бабулька Мар’я адна гадавала шасцёра дзяцей. У гады ваяўнічага атэізму, калі пакаленні людзей адышлі ад Бога, яна смела і рашуча адстойвала сваю веру, але ж — тонка, тактоўна і талерантна, а не па-жлобску нахрапіста. Менавіта яна зрабіла мяне веруючым чалавекам. Я да гэтага часу ўзгадваю вялізны камень ля плота, на якім мы сядзелі, і я зачаравана слухаў голас сваёй бабці: «Памятай, унучак, што ёсць на свеце Бог, і ты павінен шанаваць яго, разумець гэта і кожны дзень маліцца».

Потым мне заўсёды шанцавала на людзей сталага веку, якія добра ведалі і любілі айчыннае мінулае. Падчас сталінізму нашу вёску перайменавалі ў Сталіна, а пасля развянчання культу асобы, вярнулі ранейшую назву. Калі я вучыўся дзесьці ў трэцім класе Журавіцкай сярэдняй школы, настаўнік матэматыкі Леў Саламонавіч Альшэўскі нагадаў мне, што мая вёска зноў называецца Паддуб’е. Прычым сказаў пра гэта так настойліва, што я задумаўся. З таго выпадку пачаўся мой шлях да крытычнага пераасэнсавання савецкай гісторыі Беларусі.

Са словамі «вялікаму караблю — вялікае плаванне» Леў Саламонавіч выклікаў мяне да дошкі рашаць найбольш складаныя матэматычныя задачы. Прычым, ён такі цікава тлумачыў алгебру і геаметрыю, а я так уважліва слухаў, што дома мне заставалася толькі прагледзець новы матэрыял. Так я палюбіў веды і прызвычаіўся да штодзённай працы на ўроку. А строгасць і патрабавальнасць настаўнікаў прывучылі мяне і па жыцці вырашаць няпростыя задачы. Дарэчы, узровень навучання ў нашай школе быў такі высокі, што большасць выпускнікоў паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

3_1_genadz_drazdo_.jpg

Шлях у мастацтва

Мастацтвам пачаў цікавіцца з дзяцінства. У чатыры гады я адмовіўся наведваць дзіцячы садок, бо мне было там сумна, нецікава калупацца ў пясочніцы і выконваць загады выхавацелькі. І бацькі сталі пакідаць мяне дома аднаго. Я любіў сядзець каля вакна, разглядаць вуліцу праз запацелае шкло і пальцам маляваць на ім дзіцячыя фантазіі...

Дарослыя падтрымалі маё захапленне і хвалілі, а бацькі сталі купляць мне алоўкі і акварэльныя фарбы. З цягам часу я з заплюшчанымі вачыма на заклад мог ужо даволі добра намаляваць алоўкам партрэт Уладзіміра Леніна ў профіль. Мае аднакласнікі дзівіліся і пляскалі ў далоні… Дзесьці ў восьмым класе я пачаў хадзіць на эцюды і маляваць алеем, нават зрабіў сабе эцюднік. У дзявятым класе «захварэў» мастацтвам настолькі, што стаў уцякаць са школы і дрэнна вучыцца. А паколькі мне ніхто не мог даць прафесійныя парады ў жывапісе, нават патлумачыць, як нацягнуць палатно на раму, як зрабіць і пакласці грунт, як маляваць алеем, у 1975 годзе я вырашыў паступіць у Мінскую мастацкую вучэльню імя Аляксея Глебава.

Пасля ўступнага экзамену, на якім даволі добра простым алоўкам намаляваў нацюрморт, мяне залічылі ў вучэльню. Жыў на кватэрах і ў інтэрнаце, вучыўся з захапленнем, якое даходзіла да фанатызму. Найбольшы ўплыў на мяне зрабілі вядомыя ўжо тады беларускія мастакі Віктар Маркавец, Аляксей Марачкін і Іван Чухраеў. Першы навучыў мяне пісаць сучасна і імпрэсіяністычна, пры гэтым бачыць у святле паўтоны і нюансы. Менавіта дзякуючы яму я па-новаму асэнсаваў жывапіс, стаў пісаць свяжэй, яркімі колерамі, з адчуваннем моцнай дынамічнай формы.

Маркавец і Марачкін далучылі нас да творчасці выбітных майстроў нацыянальнага мастацтва Алены Кіш і Язэпа Драздовіча, прапанавалі рэстаўраваць іх працы. Цёплыя, вельмі блізкія да вясковага жыцця творы гэтых мастакоў з наіўнымі і простымі сюжэтамі вельмі падабаліся мне і выразна адрозніваліся ад высокага акадэмічнага жывапісу, якому нас навучалі.

Менавіта Маркавец і Марачкін сталі маімі духоўнымі настаўнікамі, далучылі да скарбаў айчыннай гістарычнай і мастацкай спадчыны, што вельмі паўплывала на маё станаўленне як мастака і грамадзяніна. Падчас вучобы навучыўся граць на гітары, а пазней — на флейце. Сябраваў са светлай памяці Сяржуком Цімохавым, Генадзем Мацурам і Пётрай Русаком. Менавіта ўчацвярых у 1979 годзе мы зрабілі шыкоўны дыпломны праект Музея народнай творчасці ў закінутым памяшканні Мураванкаўскай Свята-Раства-Багародзіцкай царквы-фартэцыі першай траціны XVI стагоддзя — найпрыгажэйшага помніка айчыннага абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Дарэчы, мой дыплом вёў Іван Чухраеў, які чытаў курс фармальнай кампазіцыі і ўнутранай структуры мастацкіх твораў.

Потым я працаваў у Гомелі галоўным мастаком СКБ сейсмічнай тэхнікі і ў атэлье побытавай рэкламы, дзе разам з Алегам Рабіновічам распрацавалі ўзор вітражу з алюмініевага профілю. Мы былі першымі і, бадай, адзінымі на Беларусі, хто вырабляў такія вітражы па ўнікальнай аўтарскай тэхналогіі, каторую мы самі з Алегам і распрацавалі.

Пасля службы ў войску, з 1983 года па 1989, вучыўся на аддзяленні станкавай графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З вялікім задавальненнем асвойваў тэхнікі літаграфіі і афорту пад кіраўніцтвам Віктара Мікіты і Уладзіміра Савіча. Але ж галоўным маім настаўнікаў быў і ёсць Бог. Акрамя вучобы, выкладаў у дзіцячай мастацкай студыі ў Вяснянцы.

5_3_genadz_drazdo_.jpg

З дынамічнага і хвалюючага часу перабудовы найбольш запомніліся далучэнне да «Талакі» і адраджэнне традыцыйных народных святаў — Каляды, Гуканне Вясны і Купалле, стварэнне першага беларускага скансэна — Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Строчыца, вандроўкі з сябрамі ў Вільню, Маскву і Ленінград дзеля знаёмства з мастацкімі зборамі і выставамі выбітных мастакоў, у тым ліку з арыгінальнымі творамі Марка Шагала, Казіміра Малевіча і Васіля Кандзінскага.

У інтэрнаце жыў увесь час у адным пакоі з Алесем Пушкіным, з якім пазней пасябраваў і дапамагаў яму ў падрыхтоўцы першага антыкамуністычнага перформансу, што адбыўся каля акадэміі 25 сакавіка 1989 года на святкаванне 71-х угодкаў БНР. Натхнёныя чарговай хваляй нацыянальнага адраджэння, мы адчулі сябе гаспадарамі на сваёй зямлі і пасля затрымання Пушкіна дабіліся яго вызвалення ў выніку моцнай кампаніі пратэсту. Дарэчы, трэба аддаць належнае рэктару, прафесару Анатолю Сабалеўскаму, які ахвяраваў сваёй кар’ерай, але не паддаўся ўціску начальства і не выключыў Пушкіна з акадэміі.

Потым з сябрамі мы ўдзельнічалі ў шматлікіх мітынгах і шэсцях, дзе можна было атрымаць і дубінкай па галаве. Разам з Аляксеем Марачкіным з вялікім захапленнем рабілі мастацкае афармленне гэтых вулічных акцый. Чаму ў 1991 годзе абрынуўся СССР, пра што год таму ніхто не спадзяваўся? На мой погляд, менавіта Бог уключыў свой механізм, аддаў загад — і ўсё пакацілася як па наезджанай дарожцы… Нездарма кажуць, што Бог доўга церпіць, а затым моцна б’е. Ён гаспадар, і ведае ўсе, у Яго свая логіка, яна таямніца для нас — людзей.

6_4_genadz_drazdo_.jpg

Творчасць

Пасля таго, як мы дамагліся незалежнасці Беларусі, я заняўся выключна мастацтвам. Першым цікавым праектам, у якім я прыняў актыўны ўдзел пасля заканчэння акадэміі, стала мастацкая акцыя 1991 года вядомага беларускага паэта Алеся Разанава з правакацыйнай назваю ЗБАНАБЗ. Тады я зладзіў перформанс, у якім спалучаліся музыка і выяўленчае мастацтва. Гэта быў першы ў краіне прэцэдэнт стварэння сінтэзаванага мастацкага твору ў рэжыме «тут і зараз». Да гэтага праекта я напісаў жывапісны твор «Рэхаформ».

Менавіта з стварэннем гэтага глыбокага філасофскага і наватарскага па форме твора я і нарадзіўся як мастак. Дарэчы, словастварэнне «рэхаформ» вельмі ўпадабаў Алесь Разанаў і потым выкарыстоўваў яго ў сваіх творах.

У 1995 годзе ў сталічнай галерэі «У Максіма» я прэзентаваў сваю першую персанальную мастацкую выставу «Формафор Рэхаформ Душаформ» і зладзіў на ёй перформанс. Сэнс яго быў у тым, што ў лодку, якая сваёй формай нагадвала абрысы чалавека, усе жадаючыя клалі цыдулкі з пажаданнямі і пасланнямі ў бясконцасць. Лодку я спусціў у Свіслач, у вечнае вандраванне. Нагадаў удзельнікам перформансу прынцып рэха: гук адбіваецца ад перашкоды і вяртаецца назад са спазненнем і скажэннем. І падкрэсліў: той, хто рабіў свой пасыл з верай, што бясконцасць — гэта жывая разумная рэчаіснасць, створаная прысутнасцю Бога і адухоўленая Ім, абавязкова атрымае адказ-рэха.

У перформансе закладзены галоўны творчы прынцып «покліч—водгук». Дзякуючы ўжыванню гэтага прынцыпу як вельмі ёмістай вобразнай мастацкай метафары, я расцэньваю той перформанс як адзін з найбольш удалых у сусветнай артпрасторы.

2_hor_moladz_moladz_genadz_drazdo_9.jpg

Хор моладзі спявае каля трыпціха Генадзя Драздова падчас яго выставы ў Гародні

У 1999 годзе адбыўся «Фэст беларускага духоўнага мастацтва» ў Нацыянальным гістарычным музеі. Гэты праект, арганізаваны мною на ўласныя сродкі, стаў першай спробай на постсавецкай прасторы, дзе больш за 70 год панавала атэістычная сатанінская ідэалогія, сабраць разам творы мастакоў, якія засталіся вернымі высокім духоўным хрысціянскім ідэалам.

У 2012 годзе я правеў другі такі ж фэст з дапамогаю Беларускага саюзу мастакоў. А мастацкі праект «Артрэйтынг», зладжаны мною ў мінскай галерэі «Золата» ў 2001 годзе, цікавы тым, што менавіта па выніках гэтай выставы ўпершыню на Беларусі было праведзена рэйтынгавае галасаванне, і пераможца вызначыўся шляхам падліку бюлетэняў, запоўненых наведвальнікамі. Па выніках галасавання пераможцамі сталі Сяргей Рымашэўскі, Сяржук Цімохаў і Генадзь Драздоў.

Сёння глабалізаваны свет навязвае гледачу свае ідэомы мульцікультуралізму, якія адлюстроўваюць фінансавыя інтарэсы бізнэсоўцаў і з’яўляюцца разбуральнымі для монаэтнічных культур. Нацыянальныя ж каштоўнасці, як дар Божы, павінны заставацца прыярытэтам кожнай нацыі дзеля захавання яе адметнасцяў і самаідэнтыфікацыі.

Вось чаму я і мае сябры па суполцы «Пагоня» стаім на грунце нацыянальных каштоўнасцей, папулярызуем іх праз выставы, пленэры, публікацыі і выступы, адстойваем сваёй творчасцю і грамадскім чынам.

Вось чаму ў нашых творах ажываюць вобразы нашых нацыянальных герояў і геніяў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Язэпа Драздовіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

8_6_genadz_drazdo_.jpg

Вось чаму 2 верасня гэтага года ў Смаргоні разам з сябрамі Алесем Пушкіным, Валянцінам Варанішчам, Уладзімірам Шульжыцкім і Алесем Цыркуновым мы ўшанавалі памяць расстралянага 27 кастрычніка 1950 года пад Вілейкай кіраўніка Мядзельска-Смаргонскага антыкамуністычнага падполля Расціслава Лапіцкага, за што я быў аштрафаваны на 3 мільёны рублёў.

Вось чаму я настаяў на тым, каб «Пагоня» ігнаравала працэдуру вылучэння калег па Беларускаму саюзу мастакоў на дзяржаўныя ўзнагароды, бо за апошнія 18 гадоў ніводзін сябра суполкі не быў ушанаваны дзяржавай.

Мастак — гэта асоба, якая атрымоўвае ў спадчыну талент як дар Божы і вылучаецца ад іншых сваім непадабенствам у мысленні і творчасці. І для мяне вельмі важна, якім чынам мастак скарыстае свой талент, якую таямніцу перакажа людзям, якім відовішчам усцешыць прагных і чым ахвяруе дзеля Творцы і ісціны.


7_5_genadz_drazdo_.jpg

 «Cтылістычна-вобразны строй прац сваіх я вызначаю як трансцэндэнтны сімвалізм. Спалучэнне абстрактна-вобразнага мыслення з элементамі рэалістычна-антытэзавых аплікацый, сінтэз ірэальна-трансцэндэнтнага і рэальна-метафарыстычнага ёсць уласцівасць майго мастацкага мыслення»

                                                                                                    Генадзь Драздоў

10_genadz_drazdo_.jpg

Рыгор Сітніца: «Драздоў адносіцца да тых унікальных айчынных мастакоў, каторыя натхняюцца тварэннем Усявышняга і ствараюць сваю непаўторную рэальнасць, якая цёпла прымаецца і прызнаецца нармальнымі людзьмі. Мастак разумее сваю місію на зямлі як служэнне Богу, Айчыне і нацыі. Менавіта яе майстар прэзентуе ў вечнасці і прасторы. Яго мастацтва вельмі прасветленае, аптымістычнае і беларускае ў лепшым сэнсе гэтага слова. Некалі разам з Генадзем Драздовым мы былі ў Чарнобыльскай зоне і спрабавалі зразумець, што адбылося, адбываецца і будзе з намі. Мы мяркуем, што наша Радзіма заслужыць у Неба лепшую долю, але для гэтага трэба шмат працаваць».

Ларыса Фінкельштэйн: «Трагедыйнае мастацтва Генадзя Драздова прасякнута аптымізмам, магутнасцю, манументальным адчуваннем Сусвету і падзеі, як з’явы»

 

9_7_genadz_drazdo_.jpg