MARA. Словы пра мастака Аляксея Марачкіна — Алеся Мару

Для мяне Марачкін належыць да тых мастакоў, на творчасці якіх я старанна вучыўся. Я не проста разглядаў на выставах яго новыя карціны, яны натхнялі на перайманне.

f82b4ab8_18e6_4aca_9e8f_617ff878ae07_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg


Палітон


У мастакоўскіх асяродках Аляксей Марачкін стаў знакамітым у сярэдзіне 70-х. Ён меў чорныя вусы, хадзіў у доўгім чорным палітоне і капелюшы. Першы раз я пабачыў яго ў калідоры мастацкай вучэльні. Ён падаўся мне веліканам. Я пацікавіўся, хто гэты велікан у чорным капелюшы і да каго з нашых ён прыходзіў. Валодзя Ісачанка сказаў, што гэта мастак Марачкін, які прыходзіў да Валодзі Гладкевіча, бо яны абодва з Жодзіна.

Карціны Марачкіна я ўжо ведаў на той момант, і таму так яскрава запомнілася першае ўражанне пра постаць выбітнага мастака, які крочыць шырокай хадою праз цемнаваты калідор. Фалды незашпіленага палітона былі падобныя на вялікія крылы, якія мусяць праз імгненне разгарнуцца і выправіцца ў палёт.


Жодзіна

Адзін час Марачкін лічыўся найвялікшым мастаком у Жодзіна. Быў у яго жодзінскі перыяд. У некага ёсць віленскі перыяд, у некага парыжскі, а ў Марачкіна быў плённы творчы час знітаваны з індустрыяльным Жодзіна. Ён зрабіў сабе майстэрню ў падвале. Туды збіраліся зусім маладыя мастакі. Збольшага гэта былі студэнты. Бачыў я там Сярмяжку, Ступакова, Сіўчыкава, Гладкевіча... На сцяне ў той цемнаватай майстэрні я пабачыў густоўны партрэт — «Бабка Марыля». Музейны твор вісеў у жодзінскім падвале. Гэта ўражвала. Там шмат усяго рознага вісела і стаяла, але запомнілася «Бабка Марыля». Акрамя партрэта помняцца размовы вучняў Марачкіна, якія пасміхаліся з Марачкіна-малодшага — Ігара — і казалі, што з яго не атрымаецца добрага мастака. Ён, маўляў, стараецца, і бацька яго прымушае маляваць, але мастака з яго не выйдзе. Шкада, што з тых жодзінскіх таленавітых і вясёлых пачаткоўцаў, якія кпілі з Марачкіна-малодшага, не атрымалася ніякіх мастакоў: ні кепскіх, ні пасрэдных, ні добрых. З тых жодзінскіх вучняў Марачкіна мне найбольш шкада Ступакова — майстравітага малявальшчыка, і Сярмяжку — вытанчанага жывапісца. Дарэчы, з Ігара мастак атрымаўся...


Марачкін і Маркавец

У мастацтве і літаратуры шмат артыстычных пар. Калі казаць пра беларускую традыцыю, дык Колас і Купала — наша асноўная творчая пара. Яны бацькі-заснавальнікі беларускай культуры і нацыі, нашай самастойнасці і незалежнасці. У немцаў падобная пара таксама складаецца з паэтаў: Гётэ і Шылер. Першыя рускія пары больш празаічная: Пушкін і Гогаль, пазней — Талсты і Дастаеўскі, але ў сваім срэбным стагоддзі руская культурная традыцыя зноў вярнулася да паэтычнасці і атрымала Маякоўскага з Ясеніным. Цікава тое, што Ясенін сябраваў не з Маякоўскім, а з Марыенгофам. Яны нават спалі ў адным ложку, але не сталі артыстычнай парай. Так што не ўсе тыя артысты, хто спіць у адным ложку, з’яўляюцца артыстычнай парай. Для стварэння і замацавання паэтычнай пары патрэбны непараўнальныя творцы, якія будуць нагадваць непараўнальныя рэчы: такія, як неба і зямля, як агонь і вада, як чорнае і белае, як лета і зіма... Такія рэчы не могуць існаваць адно без другога. У мастацтве падобныя пары можа і не такія значныя, як у літаратуры, але і яны не менш каштоўныя. Пара Ван Гог і Гаген, пэўна ж, самая знакамітая. А Сёра і Сіньяк сваім маціцовым пуантэлізмам больш як стагоддзе зачароўваюць аматараў жывапісу. 

У жывапісца Марачкіна гэтаксама ёсць парны творца — Маркавец. Яны прыйшлі ў беларускае мастацтва разам. Там, дзе быў Марачкін, там быў і Маркавец. Маладасведчаныя гледачы нават блыталі Маркаўца з Марачкіным, як малаадукаваныя людзі блытаюць Коласа і Купалу. Маркавец быў спакойны, як зямля, а Марачкін рухомы і дынамічны, як навальнічнае неба. Маркавец быў жывапісцам светлай раніцы, а Марачкін жывапісец шарай гадзіны і глыбокай ночы. Здавалася, што Віктар Маркавец будзе жыць доўга-доўга, і на шмат гадоў перажыве свайго асноўнага паплечніка. Толькі лёс быў жорсткі да Маркаўца: ён захварэў на рак і памёр, пакінуўшы Аляксея Марачкіна ў творчай адзіноце.


Хуткаплыннасць

Для мяне Марачкін належыць да тых мастакоў, на творчасці якіх я старанна вучыўся. Я не проста разглядаў на выставах яго новыя карціны, яны натхнялі на перайманне. Страшэнна хацелася напісаць палотны, падобныя да «Нацюрморта з дранікамі», да «Мары пра палёт. Партрэт сына», да «Арэляў. Успамін аб маёй вёсцы», да «Алена з Прошчыцаў», да «Касі каса, пакуль раса», да экспрэсіўнага твора «Дарога»… Нешта падобнае я і спрабаваў рабіць на апошніх курсах мастацкай вучэльні. У карцінах Марачкіна мне яшчэ падабалася іх антытэхналагічнасць. Неўзабаве яны проста мусілі змяніцца і паразвальвацца. Гэта як малюнкі на пяску, як малюнкі на снезе, як скульптуры з лёду. Яны радуюць цябе яшчэ і тым, што хутка зменяцца, знікнуць, забудуцца. Нешта падобнае я адчуваў каля палотнаў Марачкіна. Калі казаць проста, у іх была хуткаплыннасць жыцця.


Сухія кветкі

На самых першых этапах акадэмічнай адукацыі мастакі пішуць і малююць шмат нацюрмортаў. Гіпсавыя яблыкі і гіпсавыя конусы, парафінавыя грушы і чэрствыя абаранкі, пудзілы качак і выцьвілыя анучы, запыленыя маскі і пустыя бутэлькі складаюць класічны нацюрмортны фонд у мастацкіх школах. Навучэнцы спрабуюць намаляваць пудзіла пеўня так, каб ён як мага больш нагадваў жывую птушку. Парафінавая садавіна і гародніна пішацца сакавітымі фарбамі, пішацца ярка, каб яе хацелася пакаштаваць і з’есці... Усе мастакі будуць спрабаваць ажыўляць мёртвую натуру. Высветлілася, што не ўсе. Мастак Марачкін пайшоў у адваротным накірунку. Усе кветкі на ягоных палотнах прывялыя і сухія. Усе пташкі на ягоных карцінах падобныя на пудзілы. Усе дранікі пачарнелыя. Увесь часнык паджоўк. Бульба падгарэла. Папера пакамечылася. Жалеза пакрылася іржою. Выглядала на тое, што карціны Марачкіна павінны стаць мяртвейшымі за ўсё мёртвае, а яны глядзяцца жывымі, бо ў мастака ёсць талент ажыўляць рэч.


Сыс

Марачкін добра ставіўся да паэта Сыса. Наогул, Марачкін чалавек добры, а таму вакол яго заўжды круцілася і круцяцца шмат людзей, большасць з іх малаталенавітыя і маласумленныя. Так заўжды бывае, калі вядомы чалавек мае яшчэ і добрае сэрца, дык за ім цугам ходзяць лісліўцы, папрашайкі ды эпігоны. Злы адразу скажа няздарам, каб яны не заміналі дыхаць, жыць і працаваць. Добры будзе трываць чужую недасканаласць, нахабства і назаленне.

У апошнія гады свайго жыцця паэт Анатоль Сыс быў цяжкім чалавекам. Піў, плакаў, крычаў, сварыўся, гістэрыкі закатваў... Мала хто мог доўга вытрымліваць каля сябе такога вечна п’янога хама і генія ў адной неахайнай упакоўцы. Марачкін не толькі трываў Сыса, ён яго паважаў і дапамагаў.

Марачкін зрабіў вокладку апошняй прыжыццёвай кнігі Анатоля. На першы погляд нічога велічнага і адметнага ў той стрыманай вокладцы і няма. Два фота Анатоля ў профіль. Паэт углядаецца сам у сябе. Звычайны шрыфт. Але ж гэта апошняя прыжыццёвая кніга вялікага беларускага паэта, а таму каштоўнасць яе вокладкі неацэнная. Можа нехта яшчэ і не зразумеў значнасці гэтага твора Алеся Марачкіна, але я ўпэўнены, што ён з самага найлепшага і анталагічнага, што стварыў мастак.


Рамы

Пішаш, перапісваеш, рэдагуеш, карэктуеш, выдаеш тысячы старонак, запоўненых словамі. Што з тых тэкстаў прачытаецца? Што запомніцца? Што знікне, прападзе, забудзецца? Каб жа ведаць...

Ведаю, што з маіх вершаў запомнілася і падабаецца мастаку Марачкіну...


«Як цябе недзе нехта згадае,

я адразу і ўспамінаю...


У капліцы абрабаванай

Шашаль точыць парожнія рамы...


Іншага твайго і не запомніў. Чытаў шмат, а запомнілася пра абрабаваную капліцу...» — кажа Марачкін.

Кожнага разу я яго папраўляю...


У капліцы абрабаванай

Шашаль точыць пустыя рамы.


Марачкін пагаджаецца, што варыянт з пустымі рамамі больш дасканалы, але ў наступную сустрэчу я зноў чую пра парожнія рамы.


Настрой

Вялікдзень, а святочнага настрою няма. Думаў, што ён адразу раніцай з’явіцца. Не з’явіўся ён ранкам, і ўдзень не з’явіўся. Здаецца, і сонечна было, і цёпла, і я па Мінску пахадзіў-пагуляў крыху. Думаў, што настрой знойдзецца. Вялікдзень — свята. Мяне бацькі ў праваслаўныя пахрысцілі. Самі лічылі сябе каталікамі, а мяне запісалі ў праваслаўныя. Дарэчы, на каталіцкі Вялікдзень святочны настрой у мяне быў. Таму і на праваслаўную Пасху ён мусіў з’явіцца. Я працаваў. Пісаў словы пра мастака Марачкіна. Маляваў ягоныя партрэты. Каву піў. Прыбіраўся ў майстэрні, бо ў суботу да мяне ў госці прыйшло ажно дванаццаць дзяцей. Мы малявалі. Мы коміксы гарталі. Сок пілі. Паразлівалі салодкі яблычны сок. Як інакш? Дзеці ёсць дзеці. Давялося мыць падлогу з мылам. Мыў і чакаў светлы настрой. Так без настрою і дамоў пайшоў.

Па дарозе зайшоў у кнігарню і там сустрэў мастака Марачкіна, і добры настрой з’явіўся. Мы пагаварылі, пасмяяліся. Марачкін купіў маю кнігу «Казкі сталічныя». На кнізе я напісаў удзячныя словы настаўніку ад вучня.

Калі ты чакаеш святочны настрой, ён абавязкова з’явіцца, абавязкова, хай сабе і толькі напрыканцы Вялікдня.