Напалеон Орда: Мастак, музыкант і «шпіён»
11 лютага 1807 года нарадзіўся беларускі мастак, кампазітар, піяніст, пісьменнік і навукоўца Напалеон Орда. За сваё жыццё творца аб’ехаў не толькі разнастайныя куточкі Беларусі і зафіксаваў іх на паперы, але пабываў у Іспаніі, Францыі, Партугаліі і Алжыры. Адсядзеў у турме і нават быў залічаны ў шпіёны. Budzma.org узгадвае цікавыя і малавядомыя моманты з жыцця мастака Напалеона Орды.
Сын шляхецкай сям’і, якога выключылі з універсітэта
Будучы мастак нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета. Зараз на месцы вёскі горад Іванава (Брэсцкая вобласць). Бацька Напалеона Міхал быў інжынерам-фартыфікатарам і амаль усё жыццё працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў. Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай займаў пасаду маршалка Кобрынскага павета. Таму сям’ю Напалеона адносілі да палескай шляхты.
Пачатковую адукацыю Орда атрымаў дома. Яго галоўнай выхавальніцай была маці — Юзафіна — дачка пінскага суддзі. Менавіта маці, якая валодала французскай мовай і мела музычныя здольнасці, навучыла сына граць на фартэпіяна. Пазней Напалеон вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, пасля якой у 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Але давучыцца не паспеў.
За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве «Заране» Напалеона Орду арыштавалі і выключылі з універсітэта на чацвёртым курсе. Амаль 15 месяцаў Орда знаходзіўся ў Віленскай турме. Пасля вызвалення ён вярнуўся ў родную вёску, дзе жыў пад наглядам паліцыі.
Дзякуючы Шапэну пачаў займацца мастацтвам
Напалеон Орда прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў, і пасля таго, як яно было задушана, будучы мастак, баючыся рэпрэсій, пад чужым іменем з’ехаў у Парыж. Менавіта ў Францыі ён пачаў актыўна займацца музыкай і мастацтвам.
Падчас эміграцыі Орда актыўна падарожнічаў па Еўропе. Ён жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі. У 1833 годзе ён атрымаў статус эмігранта ў Францыі. У Парыжы Орда пазнаёміўся з дзеячамі еўрапейскай культуры: Адамам Міцкевічам, Іванам Тургеневым, Онорэ дэ Бальзакам, а таксама Фрэдэрыкам Шапэнам.
Менавіта Шапэн заўважыў мастацкія здольнасці ў Орды і параіў яму звярнуцца ў студыю майстра архітэктурнага пейзажа П’ера Жэрара. У 1840–1842 гадах Напалеон Орда зрабіў серыю малюнкаў пасля свайго падарожжа па Францыі. Потым былі цыклы малюнкаў па Іспаніі, Партугаліі і Алжыры.
Не толькі маляваў, але і пісаў музыку
У 1837 годзе Орда пачаў працаваць дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Акрамя напісання музыкі ён займаўся яе выкладаннем. За гэты час ён напісаў больш за 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, полек, серэнад, а таксама рамансаў. Яго творы гучалі ў Францыі, Германіі, Польшчы і Расіі.
Акрамя музычных твораў Орда напісаў шэраг навуковых прац па тэорыі музыкі. Адзін з падручнікаў «Граматыка музыкі» стаў адным з найлепшых дапаможнікаў па тэорыі музыкі. Таксама Орда вядомы як заснавальнік беларускай школы піянізму.
Вярнуўся на радзіму, калі абвясцілі амністыю ўдзельнікам паўстання
Орда вярнуўся на радзіму пасля аб’яўлення амністыі ўдзельнікам паўстання Аляксандрам ІІ. У Парыжы мастак пакінуў жонку Ірэн Бугле з сынам Вітольдам. Па вяртанні мастак падарожнічаў і замалёўваў архітэктурныя пейзажы Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, а таксама Прусіі і Аўстра-Венгрыі.
У Беларусі Орда зрабіў каля 200 замалёвак. Асаблівую ўвагу мастак надаў фальваркам і памятным мясцінам, дзеячам культуры, сярод якіх Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля. Шэраг малюнкаў аўтар прысвяціў беларускім вёскам. На іх Орда дасканала і з захаваннем нацыянальнага каларыту перадаў драўляную архітэктуру Беларусі XIX стагоддзя.
У цыклах малюнкаў у Гродне, Віцебску, Мінску, Магілёве, Полацку, Пінску, Навагрудку і іншых, Орда стварыў шырокую панараму шматстылёвай каменнай забудовы гарадоў. Асобную ўвагу творца надаў старажытным замкам. Бо ўжо ў той час некаторыя з іх былі ў разбураным стане.
Усе свае творы сістэматызаваў і расклаў па тэчках
Агулам Напалеон Орда пакінуў пасля сябе больш за 1150 акварэляў і графічных прац. Аўтар сам сістэматызаваў свае творы, расклаў іх па тэчках. Беларускі матэрыял складаецца з пяці тэчак — па колькасці губерняў. Асобныя партфелі з малюнкамі па Валынскай, Кіеўскай, Падольскай, Ковенскай губернях, а таксама Княстве Познаньскім, Западнай Прусіі і Галіцыі, Францыі і Германіі, Іспаніі і Партугаліі.
Не адправілі ў ссылку дзякуючы дапамозе французскага пасла
У перыяд з 15 траўня 1866 па красавік 1867 года Орду пасадзілі ў Гродзенскую турму. Яго змясцілі за краты па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863–1864 гадоў. Мастака нават прыгаварылі да ссылкі. Але дзякуючы дапамозе жонкі і пасла Францыі вырак адмянілі.
У 1880 годзе Орду, якому было 73 гады, прынялі за шпіёна і распачалі следчую справу. Мінскаму губернатару далажылі, што мастак займаецца чарчэннем планаў гарадоў і фартэцый, адпраўляе малюнкі за мяжу і атрымоўвае за гэта грошы. Але сабраць дастатковую колькасць доказаў шпіянажу не атрымалася, і справу закрылі.
Памёр у Варшаве, але пахавалі на радзіме
Восенню 1882 года цяжкахворы Орда з’ехаў у Варшаву, дзе лекаваўся ў клініцы. Там ён памёр у 1883 годзе. Паводле яго жадання, Напалеона Орду пахавалі ў радавым скляпенні ў Янаве (суч. Іванава — заўв. Budzma.org). Але магіла не захавалася да нашых дзён. Надмагільная пліта захоўваецца ў Пінскім музеі.