Што ўзвар'явала Герасіменю

Неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, а таксама прызёр Алімпійскіх Гульняў Аляксандра Герасіменя распавяла ў інтэрв'ю «Трыбуне», што яе вельмі раздражняе «план на медалі», які вызначаюць чыноўнікі перад важнымі спаборніцтвамі.



aliaksandra_hierasimienia.jpg

— Які план?! Гэта тое ж самае, што запланаваць праз год пэўнага дня паехаць на шашлыкі. Ты не ведаеш, ні якое надвор'е будзе, ні што ў цябе будзе ў жыцці — гэта непрадказальна, — кажа плыўчыха. — У спорце можна запланаваць свой вынік. Ты планамерна ідзеш, рыхтуешся да яго. Але ты ж не ведаеш, які гэта будзе вынік у свеце: немагчыма прадказаць, якія секунды пакажуць іншыя спартсмены. Сёння ты можаш з пэўным часам быць першым, а праз паўгода з такім жа вынікам не патрапіш нават у фінал...
— Ці сутыкаліся з тым, што ад вас патрабавалі медаль?
— Вядома. Пасля таго, як я выйграла чэмпіянат свету, нашы чыноўнікі ўжо павесілі мне на шыю алімпійскі медаль Лондана. І так негалосна гэта ўсё.
Мяне гэта злавала проста. Ты рыхтуешся да Алімпійскіх гульняў, а цябе пастаянна торгаюць: «Ну што, Саша, давай. Мы чакаем медаль». Яны як быццам не разумеюць, што капанне на мазгі ні да чаго добрага не прыводзіць.
Так і хацелася заўсёды сказаць: «Калі нешта не падабаецца — удзельнічайце самі. Скачыце ў басейн і наперад, а мы за вас усе далонькі адпляскаем і сцягамі так адмахаем, што спартсмены з іншых краін толькі абзайздросцяцца».
Паводле by.tribuna.com