«У кожнага ёсць шанц усё змяніць». Дыджэй перамен падрабязна расказаў, што адбывалася летась 6 жніўня ў Кіеўскім скверы

Летась 6 жніўня Кірыл Галанаў разам з Уладам Сакалоўскім уключыў «Перемен» Цоя на гарадскім свяце ў Мінску. Пра тое, як яны прынялі гэтае рашэнне, ён напісаў на DW, паведамляе «Радыё Свабода».

Кірыл Галанаў / svaboda.org

Кірыл Галанаў / svaboda.org


Жнівень 2020 года. Да гэтага часу я ўжо восем гадоў працаваў у event-індустрыі: быў live-гукарэжысёрам на мерапрыемствах рознага ўзроўню, гастраляваў з музычнымі гуртамі, а таксама афіцыйна працаваў гукарэжысёрам у мінскім Палацы дзяцей і моладзі — палітыка была далёкая ад маіх інтарэсаў. Тым не менш усё тое беззаконне, якое адбывалася, мяне абурала, як і сотні тысяч іншых беларусаў. І тут важна тое, што калі нехта супраць таго, што законапаслухмянага чалавека могуць збіць ці пасадзіць за краты, бо ён нязручны чыімсьці інтарэсам ці проста ў рамках дэманстрацыі ўседазволенасці і беспакаранасці, — гэта не палітычная пазіцыя. Гэта пазіцыя маральна здаровага чалавека.

Мерапрыемства не для дзяцей


6 жніўня 2020 года ў Мінску чакаўся апошні мітынг абʼяднанага штаба. За тры дні да гэтага наш начальнік з Палаца дзяцей і моладзі папярэджвае, што 6 жніўня будзе «нейкае дзіцячае свята», паведамляе лакацыю і час пачатку і заканчэння свята — з 15:00 да 19:00. Я папярэджваю свайго калегу Улада Сакалоўскага пра будучую працу. Лакацыя — адно з месцаў, афіцыйна адведзеных для перадвыбарчых агітацыйных мітынгаў. Я не надаю гэтаму значэння, бо мітынгі праходзілі на буйнейшай пляцоўцы, дый а 19:00 мы заканчваем, а, як правіла, акурат на 19:00 абʼяднаны штаб анансаваў пачатак сваіх мітынгаў. Але раптам напярэдадні ўвечары мне тэлефануе начальнік і паведамляе, што заўтра а 9:00 абсталяванне павінна ўжо быць усталяванае на пляцоўцы і павінна граць фонавая музыка. Падазрэнні пра тое, што будзе, закрадваліся ўжо ў той момант.
6 жніўня, 9:00. Наша абсталяванне ўжо на пляцоўцы каля кінатэатра «Кіеў». На лесвіцы кінатэатра стаяць калонкі, а на ходніку павінны выступаць артысты.
Нават візуальна пляцоўка выглядала дзіўна. Вольную плошчу намагаліся хоць нечым заняць. Па змоўчанні гэтая задача была ўскладзена на непрацоўны фантан. У гэтым яму дапамагалі два палівачныя МАЗы і арганізаваная «выстава карцін ВАВ». На мальбертах былі замацаваныя фотаздымкі карцін, але якасць фотаздымкаў была такой пасрэднай, што гэта хутчэй была выстава мальбертаў.
Зранку мы сустрэлі прадстаўніцу штаба Ціханоўскай. Яна сказала, што дзіўна, што ў афіцыйным месцы для агітацыі будзе дзіцячае свята. А калі яна сышла, пабег дужы мужчына з рацыяй і спытаўся, ці бачылі мы, куды. Дарэчы, мужчына з рацыяй увесь дзень, разглядаючыся, патруляваў вакольную тэрыторыю і ўвесь час размаўляў па тэлефоне.
Першы выступоўца прыехаў праз дзве гадзіны пасля таго, як мы былі гатовыя. Паводле яго, яму толькі што патэлефанавалі і сказалі тэрмінова ехаць і гадзіну спяваць. Уласна, ён роўна гадзіну і праспяваў. Гледача, натуральна, аніводнага не было. Адкуль была паспешлівасць, здаровым глуздам не зразумець.
З Telegram я даведваюся, што тэхнічнай камандзе абʼяднанага штаба забараняюць мантаж абсталявання, бо ў тым месцы сёння будзе ніколі не адзначаемае свята ў гонар няіснай арганізацыі — чыгуначных войск. Адразу пасля гэтага вельмі акуратна да нас прыходзіць інфармацыя, што пасля 19:00 трэба будзе «фонавую музычку гадзіну пакруціць». Самыя горшыя здагадкі пацвярджаюцца, сітуацыя становіцца відавочнай.
На пляцоўку прыбываюць яшчэ некалькі чалавек з начальства. Я тлумачу, што тут адбываецца. Кажу, што ад гэтага Палац потым не адмыецца, а тое, што мы ўдзельнічаем у такім «брудзе», прыкрываючыся дзецьмі, толькі ўзмацняе нашую адказнасць. У адказ на гэта чую толькі тое, што гэта наша праца, мы нічога не вырашаем і г. д.
Ужо недзе 14:00. Начальнік паведамляе нам пра тое, што і заўтра, і паслязаўтра мы тут будзем працаваць на гэткім жа мерапрыемстве з раніцы да вечара. Да таго ж, заўважаем, што за кінатэатрам стаіць аўтобус, поўны людзей у міліцэйскай форме. Мы з Уладам разумеем, што знаходзіцца тут не можам. Увогуле ўвесь той дзень рабілі дэталі. Кожныя 10 хвілін адбывалася нешта, з чым змірыцца было нельга. Калі прыехалі дзіцячыя калектывы, я кожнаму кіраўніку тлумачыў, што дзецям тут не месца, і прасіў проста пазваніць і паведаміць пра гэта бацькам. Ні адзін з кіраўнікоў гэтага не зрабіў.
15:00 У навінах з'яўляецца інфармацыя пра тое, што штаб адмяняе мітынг, каб пазбегнуць правакацыі, і заклікае ўсіх наведаць «дзіцячае свята». Супрацоўнікі міліцыі пачынаюць разыходзіцца па ўсім перыметры пляцоўкі. Наша цярпенне лопаецца, і я кажу начальніку, што мы не можам тут знаходзіцца. Ён кажа: «Хочаш — дырэктару гэта скажы». «Хачу», — адказваю я. Ён набірае дырэктара, працягвае мне тэлефон. Я тлумачу, што мы з Уладам не асацыяльныя людзі, што ў нас ёсць дзяўчаты, сябры, блізкія, што супрацоўнікі міліцыі наўрад тут для гарантыі «хэпі-энду», улічваючы, што адбывалася апошнія месяцы ў краіне, а па сваіх маральных поглядах мы павінны быць з іншага боку барыкад. Прапаную варыянт: сёння мы працуем, як планавалася, да 19:00, працуем у дзень выбараў — гэта наша праца, а заўтра і паслязаўтра — без нас. Мы гатовыя напісаць заявы за свой кошт ці звольніцца проста сёння. Дырэктар абяцае перазваніць.
Саўндчэк ужо павольна пераходзіць у канцэрт. Дзеці выступаюць на ходніку. Тых, хто толькі чакае свайго выступлення, просяць пабыць гледачамі. Выпадковыя мінакі пачынаюць паводзіць сябе больш актыўна, здымаюць, што адбываецца, на тэлефон — і сыходзяць. Супрацоўнікаў міліцыі нашмат больш, чым простых смяротных. Яны агароджваюць пляцоўку і арганізоўваюць КПП.
Пытаюся ў начальніка, ці тэлефанавала дырэктар. Ён адказвае: «Так, заўтра і паслязаўтра вам увесь дзень працаваць не трэба. Можаце працаваць паасобку. Адзін — у першую палову дня, а іншы — другую». Нашу праблему, натуральна, гэта ўвогуле не вырашае.

Давай «Перемен»


Мы не ведаем, як правільна зрабіць, стан поўнай безвыходнасці. І вось я чытаю навіны, дзе штаб прапануе ўсім, хто прыйдзе на нашу пляцоўку, роўна а 19:00 падняць рукі ўверх з белымі стужкам на знак салідарнасці адно з адным, каб усе пабачылі, каго большасць. Прапаную Уладу разам з усімі падняць рукі ўверх. Вырашаем, якім чынам гэта зробім. І тут Улад кажа: «Як што, у нас ёсць гук, можа, нешта ўключым?» «Перемен?» — пытаюся я. Выдатны варыянт «павітацца» з людзьмі, у якіх аднялі іх законнае права, вырашаем мы.
18:30 Гледачоў ужо некалькі тысяч. Падыходзіць, каб перадаць фанаграмы, баяніст, які павінен выступаць наступным. Некалькімі днямі раней ён выпусціў кліп, дзе ўслаўляў дзеючага на той час прэзідэнта, называў яго сваім бацькам і супергероем. Я разумею, што 19:00 выпадзе на час яго выступлення. Прафесійная этыка не дазваляе мне сарваць яго. Вырашаем, што, толькі калі я выведу артыста са сцэны, Улад уключыць песню.
19:00 У мяне не было хваляванняў за тое, што будзе далей. Я думаў толькі пра тое, што гэта ўсё адбываецца і я маю да гэтага дачыненне. Людзі пачынаюць уздымаць рукі, а артыст акурат заканчвае сваю песню. Я падбягаю да яго і выводжу яго са сцэны. Улад уключае «Перемен», мы падымаем рукі, праходзіць секунда — і раптам людзі пачынаюць пляскаць, радавацца, нас абступаюць рэпарцёры, фатографы, проста гледачы.
Нехта сілай вырывае провад з калонкі і рве яго. Такім жа метадам выключаюць другую калонку. Два чалавекі ў пінжаках пачынаюць вырываць усе запар правады з мікшэрнага пульта. Увесь гэты час я гляджу на фэйдар (паўзунок гучнасці), які рэгулюе гук песні. З першай секунды мы гатовыя былі яе выключыць на просьбу кагосьці. І вось усё, што можна было, выдзернута, а выключыць ніхто так і не папрасіў. Песня ў выніку прагучала каля дзвюх хвілін.
Праз гадзіну нас затрымаюць супрацоўнікі АМАПа, мы выйдзем на волю праз 10 сутак. За час свайго зняволення станем сведкамі яшчэ большага беззаконня, а праз тое, што раскажам пра гэта, будзем вымушаныя пакінуць краіну.

Асноўная прычына беларускай трагедыі


Я дакладна ўпэўнены, што ў той дзень зрабіў усё магчымае для таго, каб спыніць тое варʼяцтва ці хаця б не быць часткай яго. І веру: калі ва ўсе абставіны таго дня паставіць не мяне і Улада, а іншых выпадковых людзей з адэкватным успрыманнем падзей — вынік быў бы вельмі падобным. І калі быць абʼектыўным, то ўсе, з кім я ў той дзень гаварыў, разумелі, што адбываецца, і ніхто браць у гэтым удзелу не хацеў. Але кожны перакладаў адказнасць на кагосьці і быў упэўнены, што нічога не вырашаць — гэта іх асноўная задача, незалежна ад займанай пасады.
Зразумела, шмат чаго мяне не задавальняла ў Беларусі і да таго дня, але я з гэтым жыў і, як і шмат хто, адаптаваўся. Але часта, працуючы на чарговым бюджэтным мерапрыемстве, якое не патрэбнае ні арганізатару, ні гледачам, ні артыстам, адчуваў нават нейкую радасць ад таго, што я магу ўсё гэта назіраць. Гэта не магло дажыць да 21-га стагоддзя ні паводле законаў эканомікі, ні паводле сацыяльных правілаў, ні паводле законаў здаровага сэнсу. Але гэта ўсё пастаўлена на паток, а я жывы сведка гэтага абсурду.
Ёсць вельмі шмат прычын, чаму ў Беларусі ўсё прыйшло да глабальнай трагедыі, якая цяпер толькі павялічваецца. Але галоўная, базавая прычына — гэта пачуццё безадказнасці. Абсалютна кожны чалавек на сваім месцы ўплывае на тое, што адбываецца. Можна гэтаму супраціўляцца, займацца самападманам, але абсалютна ў кожнага ёсць шанц усё змяніць — ці быў гэты шанец, ці яшчэ будзе… ці гэты шанец можна стварыць самому. І здаецца, што нічога не вырашаць — спосаб унікнуць той самай адказнасці. Але бяздзеянне з такой жа сілай уплывае на вынік, як і дзеянне. Кошт маўчання — гэта тысячы чужых лёсаў, за якія нясеш адказнасць, а кошт дзеяння — гэта тыя ж тысячы лёсаў, толькі яшчэ і ўласны.
Гэты тэкст напісаў для DWКірыл Галанаў, адзін з двух дыджэяў, якія ўключылі «Перемен» у Кіеўскім скверы 6 жніўня 2020 года.