У Санкт-Пецярбургу пайшла з жыцця актывістка беларускага руху Тарэса Шырма

Не стала беларускі Тарэсы Шырмы, якая актыўна ўдзельнічала ў жыцці каталіцкай і беларускай суполак Санкт-Пецярбурга, паведамляе «Белсат». Жанчыне было 53 гады.

Тарэса Шырма. Фота з сямейнага архіва

Тарэса Шырма. Фота з сямейнага архіва


Тарэса Шырма нарадзілася 14 верасня 1967 года ў вёсцы Рапейкі на Гарадзеншчыне ў каталіцкай сям’і. Ейным рэлігійным выхаваннем займаліся блізкія сваякі. Хоць рэлігійнае жыццё ў савецкі час не віталася, яна з бацькамі намагалася штонядзелю наведваць найбліжэйшы дзейны касцёл у Лідзе ды слухаць трансляцыі набажэнстваў на польскай мове на «Радыё Ватыкану».
У 1986 годзе дзяўчына прыехала ў Ленінград, дзе далучылася да мясцовай каталіцкай супольнасці. Выкладала ў нядзельнай школе, супрацоўнічала з каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй «Карытас», шмат часу аддавала наведванню хворых, арганізоўвала працу сацыяльнай дапамогі, ладзіла навучальныя семінары.

Тарэса Шырма актыўна ўдзельнічала ў жыцці каталіцкай і беларускай супольнасці. Фота з сямейнага архіва

Тарэса Шырма актыўна ўдзельнічала ў жыцці каталіцкай і беларускай супольнасці. Фота з сямейнага архіва


На мяжы стагоддзяў разам з ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, які тады яшчэ быў студэнтам духоўнай семінарыі, яна стала арганізатарам рэгулярных імшаў на беларускай мове ў парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу, якія здзяйснялі святары-выхадцы з Беларусі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Два разы на месяц Тарэса вяла праграмы на беларускай мове на Пецярбургскім хрысціянскім радыё «Марыя», а таксама рэдагавала газету «Krynica» на беларускай мове.
Са жніўня 2020 года Тарэса зноў актыўна ўлілася ў жыццё нефармальнага беларускага зямляцтва ў Санкт-Пецярбургу. Рэгулярна прыязджала на акцыі пратэсту перад аддзяленнем амбасады Беларусі ў Санкт-Пецярбургу, а калі пачаліся затрыманні пратэстоўцаў, ездзіла па аддзяленнях паліцыі ды дапамагала затрыманым актывістам.
Апошнія гады Тарэса ўзначальвала сацыяльна-рэабілітацыйнае аддзяленне для пажылых людзей у адным з раёнаў Санкт-Пецярбурга. Пасля смерці ад каронавіруса свайго калегі, які ўзначальваў падобнае аддзяленне ў гэтым жа раёне, яна стала кіраваць абодвума.
Ейнае жыццё абарвалася раптоўна 5 лютага. Сваякі спадзяюцца пахаваць яе ў Беларусі, у Лідскім раёне, побач з бацькамі.