Эпічныя кошты замест «эпічнай лютасці». Дасье ў карыкатурах
Рост коштаў на нафту, паніка на рынках і ўдары па палітычных рэйтынгах — вайна ў Іране ўжо адгукнулася далёка за межамі рэгіёна. Паглядзелі, як гэтыя падзеі адлюстроўваюць заходнія карыкатурысты.
Кавардак пачаўся пасля абвастрэння і ўзаемных удараў у рэгіёне: у адказ іранцы пагражалі заблакаваць Армузскі праліў — асноўны маршрут паставак нафты з краін Персідскага заліва, што выклікала прыкметны рост коштаў у свеце. Чамусьці ў камандзе Трампа такі сцэнар не пралічылі. Аднаму з графікаў гэта нагадала памылку баксёра на рынгу, які прапусціў моцны ўдар.

Так ці інакш рынкі ліхаманіць, што ўплывае на тарыфы для спажыўцоў. Мяркуючы па карыкатурах, рост коштаў на нафту сапраўды моцна ўдарыў па бюджэтах простых жыхароў Захаду. «У нас быў дом, мы ездзілі ў адпачынак два разы на год, а потым ён раптам вырашыў заправіць машыну бензінам», — кажуць персанажы гэтага малюнка ў адной з брытанскіх газет.

Узлёт коштаў на нафту ўжо адгукнуўся на сітуацыі на палітычнай сцэне ў ЗША — у прыватнасці на згуртаванасці шэрагаў руху MAGA, прыхільнікам якога Трамп абяцаў у тым ліку нізкія кошты на запраўках. Не выпадкова ў карыкатурах The Guardian Трамп «страляе сабе ў нагу» з заправачнага пісталета — настолькі моцна, што злятае кепка MAGA.

Зрэшты, хтосьці, наадварот, атрымлівае дывідэнды ад падзей на Блізкім Усходзе. Напрыклад, Расея пачала імкліва зарабляць на росце коштаў на нафту і яе дэфіцыце. Не абышлося і без канспіратыўных тэорый пра тое, што Трамп — агент Крамля. У карыкатурах The Daily Telegraph яго нават «абвінавачваюць» у тым, што ён прадаўся Пуціну за барэль нафты.

Пры гэтым большасць краін Персідскага заліва, не будучы ўдзельнікамі канфлікту, таксама сталіся закладнікамі сітуацыі. Не выпадкова мастак з The Times намаляваў сцэну, дзе ў Армузскім праліве гарыць у тым ліку танкер з надпісам «Давер», які прыпісаны да аднаго з арабскіх партоў.

Пакуль незразумела, як Трамп зможа супакоіць паніку на біржах, што дазваляе некаторым рабіць самыя змрочныя прагнозы. Гэта вокладка свежага выпуску брытанскага часопіса The Spectator. Аўтары сцвярджаюць, што вайна ў Іране можа абярнуцца самым цяжкім паліўным крызісам за ўсю гісторыю, і задаюцца пытаннем: ці сам Трамп разумее, чаго ён хацеў, увязаўшыся ў гэтую вайну?
