Ваяр, лекар, старшыня БНР і нкусавец

Сёння 100 гадоў з дня нараджэння Язэпа Сажыча, вядомага камбатанта часоў Другой сусветнай вайны ды старшыні Рады БНР. Мала хто ведае пра іншага Сажыча — Міколу: НКУСаўца, які спецыялізаваўся на «рэлігійным пытанні» і працаваў у Сіблагу. Наш артыкул пра іх абодвух.

Язэп Сажыч у эфіры БТ

Язэп Сажыч у эфіры БТ


Некалькі гадоў таму ў асяроддзі калекцыянераў, якія цікавяцца савецкай уніформай, усплыў архіў фота супрацоўнікаў ДПУ ды НКУС 1920–1930-х гадоў. Як аказалася, належаў ён аднаму чалавеку. Прозвішча, прапісанае на фота сінім атрамантам, — «Сажыч». У беларускай гісторыі ўжо быў адзін Сажыч, але звязаны з зусім іншымі коламі…

Ваяр, лекар, старшыня БНР

Язэп Сажыч стаў сапраўднай легендай беларускай эміграцыі. Скончыў беларускую гімназію ў Наваградку, у 1939-м цяжка паранены падчас нямецка-польскай вайны, пазней былі палон, вызваленне, вяртанне ў Беларусь. У занятай немцамі краіне Сажыч дзейнічаў метадамі ўкраінскіх нацыяналістаў, з якімі паспеў пазнаёміцца цягам пражывання ў Львове (кажуць, меў кантакты з АУН): увайшоў у нямецкую адміністрацыю, каб даць беларусам у рукі зброю.

Так, у 1943 годзе на загад Франца Кушаля Сажыч арганізаваў Беларускі батальён чыгуначнай аховы, пазней выкладаў у падафіцэрскай школе ў Мінску, ад 1944-га — у Беларускай краёвай абароне. Сажыч адступіў разам з нямецкімі войскамі, ды яшчэ паспеў паўдзельнічаць у падрыхтоўцы «дальвіцкага дэсанту», сфармаванага з беларусаў, каб весці дыверсійную дзейнасць у СССР.

Паралельна, Язэп з’яўляўся чальцом заканспіраванай Беларускай незалежніцкай партыі, якая аб’ядноўвала нацыяналістаў і ўваходзіла ў нямецкія структуры, каб у слушны час падняць паўстанне. Але лёс склаўся па-іншаму. Вайна была скончаная, Сажыч перабраўся ў амерыканскую зону акупацыі, ажаніўся, атрымаў дыплом лекара, а праз 5 гадоў пераехаў у ЗША.

У Злучаных Штатах Сажыч займаўся медыцынай (спецыяльнасць — анестэзіёлаг), адначасна актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці беларускай дыяспары, ствараў ветэранскія арганізацыі. Пік ягонай дзейнасці на эміграцыі — старшынства ў Радзе БНР з 1982 па 1997 гады.

Яўген Усюкевіч і Язэп Сажыч, Наваградак, 1990-я гады

Яўген Усюкевіч і Язэп Сажыч, Наваградак, 1990-я гады

У 1990-я ён яшчэ паспеў наведаць Радзіму, нават пабачыўся з былымі саслужыўцамі, напрыклад, жаўнерам батальёна Рагулі Яўгенам Усюкевічам з Наваградка. Спачыў Язэп Сымонавіч у 2007-м, пахаваны на беларускіх могілках у Мічыгане.

Вайна з «гітлераўцамі» ды «фашыстамі»… у Сібіры

Вернемся ж да фотаархіву, пра які гаворка ішла на пачатку артыкула. Яго ўладальнік — Мікалай Сажыч, беларус, ураджэнец в.Нягневічы Наваградскага раёну. Сваю вайсковую кар’еру гэты Сажыч пачаў яшчэ ў часы Расійскай імперыі ў мясцовых (лічы, унутраных) войсках, у абавязкі якіх уваходзіла ў тым ліку канвойная служба, суправаджэнне казённага транспарту ды арыштантаў.

Штаб ГПУ, Канск, 1922 год (Мікалай Сажыч — скрайні справа)

Штаб ГПУ, Канск, 1922 год (Мікалай Сажыч — скрайні справа)

Пасля рэвалюцыі Мікалай далучыўся да бальшавікоў і ўжо на пачатку 1920-х служыў у ДПУ г.Канска, у 1930-м — у Ачынску Краснаярскай вобласці. У 1934-м Сажыч на пасадзе ўпаўнаважанага Омскага оперсектара НКУС расследаваў сітуацыю ў паселішчах менанітаў Нямецкага раёна Заходне-Сібірскага краю. Менаніты, як вядома, былі галіной пратэстантаў, а самі носьбіты рэлігіі — немцы — здаўна перасяляліся ў глухія раёны Расіі, каб працаваць ды ціха спавядаць сваю веру. Але часы надышлі іншыя. Якая тут ціша, вера і што наогул робяць немцы ў самым тылу Савецкай дзяржавы?..

Карная аперацыя супраць менанітаў ішла па двух напрамках. Па-першае, супраць «сабатажнікаў хлебанарыхтовак», па-другое — супраць атрымальнікаў «гітлераўскай дапамогі» з-за мяжы (так трактавалася звычайная практыка гуманітарнай дапамогі ды падарункі на Каляды). Усе абвінавачаныя былі аб’яднаныя ў т.зв. «контррэвалюцыйныя фашыстоўскія групоўкі», паводле вызначэння адмыслова прысланых сюды загадам 15 лістапада 1934 года аператыўных брыгадаў НКУС. Асабліва дасталася «актывістам эмігранцкага руху» — менанітам, якія агітавалі за вяртанне ў Германію.

Нафта — партыя — атэізм!

На верасень 1936-га, пасля расправы з менанітамі, Сажыч з сям’ёй ужо пражываў у Марыінску Новасібірскай вобласці. На новым месцы ягоная праца была звязаная з «працоўнай калоніяй №1», якая ўваходзіла ў велізарны комплекс Сіблагу. Чым Сажыч займаўся падчас вайны, дакладна не вядома, але ў ліпені 1944 года ён ужо займаў пасаду парторга Новасібірскага абласнога ўпраўлення «Главнефтеснаба» пры СНК СССР. Так, грашова-нафтавы профіль у лёсе Сажыча перакрыжоўваецца з ідэалагічным.

Мікалай Сажыч у сямейным коле, Марыінск, 1936 год

Мікалай Сажыч у сямейным коле, Марыінск, 1936 год

У 1950-х гадах Сажыч зноў вярнуўся да свайго ўлюбёнага профілю: рэлігійнага. Ён працаваў упаўнаважаным па справе рэлігіі пры Савеце Міністраў СССР па Томскай вобласці. Гэта — пік ягонай кар’еры. Цікава пры гэтым, што нават пасля развянчання культу асобы Сталіна, падчас «хрушчоўскай адлігі», Сажыч застаецца зацятым змагаром з верай і любым іншадумствам.

Мікалай Сажыч у пасляваенныя гады (імаверна, Сібір)

Мікалай Сажыч у пасляваенныя гады (імаверна, Сібір)

Напрыклад, у 1956 годзе ў Томскі аблвыканкам паступаюць прашэнні ад грамадзянаў з просьбай дазволіць арганізаваць «каталіцкую рэлігійную грамаду» — парафію. Адказ Сажыча фармальны і цынічны: «У хадайніцтве групе вернікаў (…) адмовіць, бо грамада не мае малітоўнага будынку, а памяшканне былога касцёлу, на якое спасылаюцца заяўнікі, пераабарудавана пад аэраклуб і выкарыстоўваецца ў навучальных мэтах».
На жаль, гэта апошнія паводле храналогіі звесткі пра Мікалая Сажыча, якія атрымалася адшукаць. Ягоны далейшы лёс, як і лёсы жонкі і дзяцей, пакуль не вядомыя. Зрэшты, ёсць верагоднасць, што нехта з іх пасля вярнуўся ў Беларусь: здымкі былі знойдзеныя тут, а надпісы на адвароце не сведчаць, што яны дасылаліся камусьці поштай — гэта, найхутчэй, вузкасямейны архіў.

__trudkolonija_n_1____zonka_mikalaja_sazycza__leta_1937_1_logo_1.jpg

''Трудколония №1'', жонка Мікалая Сажыча, лета 1937 года

Стрыечныя браты?..

Дзіўныя шляхі твае, Божа… Абодва Сажычы абралі ў жыцці падобны шлях вайсковай службы: Язэп супрацоўнічаў з нямецкімі спецслужбамі, Мікалай — з ДПУ-НКУС. Язэп працаваў з немцамі, Мікалай верхаводзіў карнымі экспедыцыямі супраць немцаў у далёкай Сібіры. Сын Язэпа стаў пратэстанцкім місіянерам, Мікалай — усё жыццё змагаўся з хрысціянствам агулам і пратэстантамі ў прыватнасці.

Ці былі Сажычы сваякамі? Канчатковы адказ на гэта дадуць толькі руплівыя генеалагічныя даследаванні, але фактаў «за» ўжо нямала. Яны абодва паходзілі з Нягневічаў на Наваградчыне. За версію пра сваяцтва сведчаць і ўспаміны Язэпа: «Род мой паходзіць з Нягневічаў, пад Шчорсамі. Дзед Тамаш праслужыў у маскалях 25 гадоў, у войску, калі іх адпусьцілі, ім далі па нейкіх дзьве дзесяціны зямлі каля Наваградку. Яны пабудавалі пасёлак. Наша вёсачка была не батрацкая, а як бы калёнія».

Такім чынам, атрымаўшы зямлю пасля рэкрутчыны, Тамаш Сажыч асеў на новым для сябе месцы, дзе дагэтуль магло не быць людзей з падобным прозвішчам. Адназначна, гэта не той выпадак, калі палова вёскі носіць тое самае прозвішча і з’яўляецца далёкімі сваякамі. «Пасёлак», пра які піша Язэп, найхутчэй знаходзіўся наўпрост непадалёк Нягневічаў, але фармальна да іх адносіўся. То бок, Язэп і Мікалай Сажычы маглі быць стрыечнымі братамі, маючы агульнага дзеда — Тамаша.

mikalaj_sazycz_logo_1.jpg

Мікалай Сажыч


Калі прыгледзецца да фотаздымкаў Язэпа і Мікалая, зноў жа, цяжка не заўважыць падабенства. Выцягнуты твар, высокі лоб, злёгку прыжмураныя невялікія вочы, вельмі выразны доўгі і тонкі нос… Занадта шмат супадзенняў у гэтай гісторыі.

jazep_sazycz__1__logo_1.jpg

Язэп Сажыч

 

Эпілог

Адкрытым, зноў жа, застаецца і пытанне, ці ведалі Сажычы пра існаванне адно аднаго? У абодвух выпадках, інфармацыя пра сваяка на супрацьлеглым баку барыкадаў магла скончыцца фатальна. Магчыма, немцы не ведалі нічога пра сваякоў Язэпа, які ствараў вайсковыя адзінкі і выкладаў у афіцэрскіх школах — то бок ужо падчас вайны быў адказнай фігурай. Але ці маглі не ведаць пра «аднафамільца» свайго саслужыўца супрацоўнікі КДБ, што дэталёва вывучалі склад «калабаранцкіх» фармаванняў, якія ваявалі супраць СССР?.. Пытанняў багата.

У любым выпадку, лёсы службоўцаў, якія зрабілі кар’еру па розныя бакі барыкадаў, цікавыя і паказальныя для нашчадкаў. Яшчэ адна разарваная сям’я, яшчэ адзін прыклад разарванага менталітэту нашага народу, сыны якога ў ХХ стагоддзі так часта насілі форму і баранілі чужыя інтарэсы. Добра, каб у наш час, калі беларусы маюць сваю нацыянальную дзяржаву, падобнае не паўтарылася зноў.