Не ўсё так добра
Па-першае, грошай у беларускіх прадпрыемстваў становіцца ўсё менш. На 1 траўня 2021 года чыстая запазычанасць прадпрыемстваў-флагманаў склала 110,2 млрд рублёў. Гэта максімальная сума доўгу буйных і сярэдніх прадпрыемстваў за ўсю гісторыю вымярэнняў па прынятай у краіне методыцы. Дастаткова толькі сказаць, што вышэйзгаданыя 110,2 млрд рублёў — гэта амаль увесь ВУП Беларусі: за 2020 год ён склаў 147 млрд рублёў.
Хуткі рост запазычанасці тлумачыцца дэвальвацыяй беларускага рубля. Частка абавязацельстваў прадпрыемстваў намінаваная ў замежных валютах — і абясцэньванне «зайчыка» павялічвае памер абавязацельстваў у рублёвым эквіваленце. Пры гэтым на прамысловыя прадпрыемствы — «красу і гонар беларускага эканамічнага цуду», — прыпадае больш за палову чыстага доўгу. Сума абавязацельстваў прамыслоўцаў склала 68,1 млрд BYN. Гэта таксама максімальнае значэнне за перыяд замераў.
З пачатку 2021 года аб’ём запазычанасці ў прамысловасці павялічыўся на 31,3%. Для параўнання: за ўвесь 2020 год сума абавязацельстваў падскочыла «толькі» на 17,3%.
У той жа час прадукцыя, якую вырабляюць гэтыя прадпрыемствы, не карыстаецца асаблівым попытам — гэта значыць, не прадаецца. На 1 чэрвеня складскія запасы ў прамысловасці былі 59,6% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Груба кажучы, калі на тры тыдні закрыць усе заводы і фабрыкі — яны могуць жыць выключна прадаючы назапашаную прадукцыю.
Дзіўна, але лідарамі па запасах сталі прадпрыемствы Мінска і Мінскай вобласці. Усю Мінскую вобласць, уключна са сталіцай, можна спакойна адпраўляць у адпачынак на месяц — складскія запасы дасягнулі 1,502 млрд BYN, што эквівалентна 93% месячнага выпуску. На прадпрыемствах Жодзіна (чытай — БелАЗ) запасы склалі 362,8 млн BYN, Мінскага раёна — 235,5 млн BYN.
У Мінску ўзровень складскіх запасаў — 1,193 млрд BYN, або 86,5% месячнага выпуску. Самыя буйныя запасы — на складах у машынабудаванні (207,1 млн BYN), у харчпраме (175,5 млн BYN), а таксама ў вытворчасці транспартных сродкаў і абсталявання (173,1 млн BYN). Атрымліваецца, што як належна не працуюць, у першую чаргу, МАЗ, МТЗ, МЗКЦ.
Стагнацыю прамысловай вытворчасці пацвярджаюць і вынікі знешняга таварнага гандлю за пяць месяцаў 2021 года. Імпарт перавышае экспарт. За студзень-травень 2021 года адставанне экспартных паставак ад імпартных дасягнула 1,040 млрд USD. Па выніках пяці месяцаў імпартныя пастаўкі былі пакрытыя экспартнымі толькі на 93,3%. То-бок, на кожныя $100 імпарту ў Беларусь прыпадала крыху больш за $93 экспарту з Беларусі.
За пяць месяцаў мы патрацілі на мільярд долараў больш, чым зарабілі. Для кампенсацыі такой «працы» давядзецца альбо зацягваць паясы ўнутры краіны, альбо залазіць у новыя даўгі, альбо абвяшчаць дэфолт па знешніх абавязацельствах.
Тым не менш, прадпрыемствы працягваюць утрымліваць рабочых, якія ходзяць на працу і атрымліваюць «заробак». Відавочна, што гэты заробак выплачваецца не за кошт продажу ўласнай прадукцыі, а за кошт крэдытаў, якія прадпрыемствы бяруць у банках. Заробак, такім чынам, ператвараецца ў нейкае падабенства «сацыяльнай падтрымкі», што ніяк не звязаная з колькасцю і якасцю вырабленай і прададзенай прадукцыі.
Прыкладна так было ў часы брэжнеўскага застою. Толькі тады крыніцай валютных паступленняў для СССР была «прыродная рэнта» — нафта і газ, якія прадаваліся за мяжу па добрых цэнах. За кошт здабычы карысных выкапняў СССР падтрымліваў вытворчасць і ўзровень жыцця. Цяпер ролю нафты і газу, якіх у Беларусі няма, для прамысловасці граюць банкаўскія крэдыты.
Пытанне толькі ў тым, як доўга банкі змогуць фінансаваць гэтыя «зарплатныя праекты».
Заціснутыя ў інфляцыі
У банкаў на самай справе становішча таксама не вельмі добрае: варта толькі ўспомніць апошнія дзве знакавыя навіны, якія тычацца банкаўскай дзейнасці. Першая: Нацыянальны банк адмяніў уласную рэкамендацыю пра абмежаванне ставак па валютных укладах. Асноўная маса валютных укладаў у Беларусі намінаваная ў доларах, стаўкі па такіх укладах у мінулыя месяцы не перавышалі 2,3% гадавых.
Паводле даных Myfin.by, камерцыйныя банкі млява адрэагавалі на такі, падавалася б, шчодры дазвол. Стаўкі па валютных укладах у большасці банкаўскіх устаноў пасля адмены абмежаванняў выраслі ў сярэднім усяго на 1%: цяпер банкі прапануюць валютныя ўклады з разліку 3,4–3,5% гадавых.
Здавалася б, для прыцягнення валюты ад насельніцтва можна было б значна павысіць працэнт па ўкладах, але банкі рызыкаваць не спяшаюцца. Такая асцярожнасць звязаная з другой навіной: з 9 ліпеня набыў моц указ Лукашэнкі, які дазваляе ўводзіць у краіне драконаўскія абмежаванні на валютныя аперацыі. У выпадку «пагрозы эканамічнай бяспецы» Нацбанк атрымлівае права ўводзіць поўную забарону на куплю замежнай валюты, усталёўваць гранічныя аб’ёмы, колькасць і тэрміны валютна-абменных аперацый, патрабаваць атрымання дазволу на правядзенне такіх здзелак. Акрамя гэтага, беларускі ЦБ зможа дэ-факта канфіскаваць замежную валюту з рахункаў юрыдычных асоб, прымусова канвертуючы яе ў беларускія рублі.
«Пагрозамі эканамічнай бяспецы», якія могуць стаць падставай для ўвядзення жорсткіх мер, названыя, у прыватнасці, зніжэнне золатавалютных рэзерваў краіны ніжэй за дапушчальны ўзровень або рэзкія ваганні курсу беларускага рубля. Не дзіўна, што расійскія СМІ адрэагавалі на гэтую падзею загалоўкамі: «У Беларусі ўступіў у сілу ўказ аб канфіскацыі валюты».
Таму банкі не рашаюцца на ўсю моц карыстацца дазволам Нацбанка і рэзка павышаць працэнт па валютных дэпазітах. Сапраўды: людзі прынясуць у банк валюту, а яе потым канфіскуе Нацбанк — і як потым глядзець у вочы ўкладчыкам? Тлумачыць, што «невінаватая я, гэта Нацбанк прыйшоў»? Укладчыкаў, будзем шчырыя, такія нюансы мала цікавяць. Іх цікавіць тое, што яны аддалі валюту банку — і не змаглі яе забраць.
Прычым, насельніцтва відавочна адчувае гэты трывожны момант. За травень з банкаў забралі амаль $200 мільёнаў укладаў, не кажучы ўжо пра тое, што насельніцтва з’яўляецца чыстым пакупніком валюты 19 месяцаў запар. За чэрвень 2021 года нета-купля валюты фізічнымі асобамі склала $31 млн. А ў безнаяўным сегменце чыстая купля дасягнула $134,8 млн.
Зарабіць жа банкам становіцца практычна немагчыма. Як правіла, «доўгія» крэдыты насельніцтву прывязаныя да стаўкі рэфінансавання, якая складае ў дадзены момант 8,5%. Напрыклад, ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля мае на ўвазе правіла «стаўка рэфінансавання Нацбанка +3%». Таму цяпер такія крэдыты можна атрымаць пад 11,5% гадавых. Аднак гадавая інфляцыя ў краіне разагналася да 9,9%, у выніку маржа банка на сённяшні момант складае ўсяго 1,5%. А пры далейшым разгоне інфляцыі да канца года ад прыбытку банкаў не застанецца практычна нічога — і гэта аптымістычны сцэнар. У песімістычным сцэнары банкі сыдуць у мінус.
Банкі спрабуюць зарабіць на спажывецкіх крэдытах: стаўкі па іх цяпер завоблачныя, 30% гадавых (29,9%, калі быць дакладным). Але насельніцтва ў нас ужо дасведчанае, і пад такі працэнт крэдыты браць не хоча.
Як прыклад — два асноўныя дзяржбанка краіны адсправаздачыліся наконт сваёй дзейнасці за паўгода. Актывы Беларусбанка на 1 ліпеня 2021-га выраслі з 36,8 да 37,5 млрд BYN (паказчыкі, нібыта, нядрэнныя). Аднак рост актываў Беларусбанка не быў заснаваны на павелічэнні актыўнасці на крэдытным рынку: наадварот, сума па радку «крэдыты кліентам» у банка скарацілася з 27,3 да 27,2 млрд BYN. Галоўны імпульс росту актываў даў радок балансу «каштоўныя паперы». Па гэтым радку сума ўзрасла з 4,1 да 4,9 млрд BYN. Рост па гэтым радку азначае, што банк уклаў грошы ў нейкія аблігацыі. Такі скачок дае падставы выказаць здагадку, што гэта маглі быць аблігацыі Мінфіна — напрыклад, у рамках дзяржпадтрымкі БМЗ.
Актывы Белаграпрамбанка за паўгода выраслі з 12,6 да 13,2 млрд BYN. Сітуацыя тая ж, што і з Беларусбанкам, — да росту актываў прывяло не крэдытаванне. Сума па радку «крэдыты кліентам» звалілася з 7,7 да 7,5 млрд BYN. Белаграпрамбанк таксама ўклаўся ў каштоўныя паперы — памер гэтых інвестыцый з 1 студзеня па 1 ліпеня вырас з 3,1 да 3,3 млрд BYN.
Замкнёнае кола
Такім чынам, банкі ўкладаюцца ў куплю каштоўных папер Мінфіна, не купіць якія яны не могуць. Грошы ад продажу аблігацый Мінфіна ідуць на падтрымку прамысловасці, якая працуе неэфектыўна. Атрымліваецца дырэктыўна замкнёнае кола, разарваць якое ў дадзенай палітыка-эканамічнай сітуацыі магчымым не ўяўляецца.
Вось і атрымліваецца «брэжнеўскі застой»: згодна з паперамі ўсё добра, актывы растуць, прадпрыемствы працуюць, зарплата плаціцца... А калі глянуць крыху глыбей, то — грошы сыходзяць на падтрымку неэфектыўнай вытворчасці і ў прадухіленне (дакладней — адцягванне) сацыяльнага выбуху. Але такія захады — усяго толькі кансервацыя сістэмы, якая нават не прадугледжвае якога-небудзь развіцця. На развіццё няма ані сіл, ані сродкаў.
Гарбачоўская «перабудова», якая пачалася пасля «брэжнеўскага застою», паўстала не проста так. Яна ўзнікла з-за ўсведамлення адной праблемы: немагчымасці падтрымліваць малаэфектыўную савецкую сістэму вытворчасці пастаянным прытокам нафтадолараў. Таму паўстала неабходнасць у «Перабудове», якая спачатку мелася на ўвазе як рэарганізацыя гаспадарчых функцый і сувязяў, інтэнсіфікацыя эканомікі і паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу. Прычым, рыхтаваў «Перабудову» яшчэ Андропаў — Гарбачоў на першым этапе проста скарыстоўваў яго напрацоўкі.
Аднак у 1996-м, пасля абвалу цэнаў на нафту, высветлілася, што адміністрацыйнымі мерамі сітуацыю ў краіне не змяніць. І пайшло-паехала.
Грошы — не бясконцыя. У бліжэйшыя паўгода ў дачыненні да Беларусі паволі пачнуць дзейнічаць сектаральныя санкцыі. Ці чакае нас свая, новая «Перабудова»?