Чакаем новага росту падаткаў? Мінфін думае, як уратаваць бюджэт
Міністэства фінансаў збіраецца разгледзець пытанне павышэння ставак акцызаў і ПДВ.
Павышэнне ставак ПДВ на лекі і дзіцячыя тавары, якое прайшло ў пачатку 2021 года, можа быць далёка не апошнім, паведамляе Myfin.by.
Мінфін гатовы разгледзець і далейшае павышэнне агульных ставак акцызаў і ПДВ, калі ўжо прынятыя меры не дапамогуць бюджэту. Пра гэта распавёў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко ў інтэрв'ю газеце «Рэспубліка».
«Што тычыцца пытання пра павышэнне ставак падаткаў (у першую чаргу ўскосных — ПДВ і акцызаў), ён можа быць разгледжаны ў выпадку недастатковасці мер бюджэтнай кансалідацыі. Аднак такі крок можа быць зроблены пры адначасовым удасканаленні механізму спагнання асноўных падаткаў (напрыклад, паэтапная адмова ад абмежаванняў для прыняцця да выліку ПДВ, збліжэнне бухгалтарскага і падатковага ўліку), што дазволіць плацельшчыкам вызваліць абаротныя сродкі», — цытуе газета намеснік міністра фінансаў.
Таксама Дзмітрый Кійко супакоіў, што павышэнне можа адбыцца толькі пасля ўсебаковага аналізу бягучай сітуацыі і магчымых наступстваў прынятага рашэння.
У той жа час эксперты лічаць, што павышэнне падаткаў можа прывесці да з'яўлення дэфіцыту асобных відаў тавараў.