Яўген Ворсін: Беларусь акупіла ЧС па хакеі

Беларусь акупіла ЧС па хакеі. Пра гэта распавёў кіраўнік дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску Яўген Ворсін.



kakei.jpg

Па ягоных словах, правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску абышлося рэспубліцы ў 8-10 млн еўра. Асноўнымі артыкуламі выдаткаў ён назваў размяшчэнне афіцыйных асоб і ўдзельнікаў чэмпіянату, харчаванне, транспартныя выдаткі, утрыманне судзейскага апарата. Чыста спартыўная частка — гэта арэны, медыцынскае абслугоўванне і гэтак далей.

«Папярэдні аналіз па рэалізацыі білетаў паказвае, што мы зарабілі дзесьці да 150 млрд рублёў (больш за 10 млн. еўра — рэд.), — сказаў Ворсін. — Гэта значыць, білетная праграма рэалізаваная з перавышэннем нашых прагнозных паказчыкаў. Прагноз намі зроблены зыходзячы з наведвальнасці матчаў гледачоў на папярэднім этапе да 65%, а фінальны этап — 82%. Рэаліі аказаліся больш спрыяльныя. У нас папярэдні этап быў на ўзроўні якраз 82%, а ўжо фінальная частка набліжалася да 100% наведвальнасці».

Акрамя таго, адзначыў Ворсін, Беларусь яшчэ зарабіла на рэкламе партнёраў і спонсараў, на праве выкарыстання лагатыпу чэмпіянату свету, талісмана і гэтак далей.

«Ад рэалізацыі такіх пакетаў мы атрымалі прыкладна 1,1 — 1,2 млн. еўра, — заявіў ён. — Таксама больш за 70 тысяч еўра мы атрымалі ад рэалізацыі ліцэнзійных праектаў. Гэта значыць, усе арганізацыі, якія заключылі з намі ліцэнзійныя дамовы на права выкарыстання лагатыпу чэмпіянату на выпускаемай прадукцыі, адлічвалі нам ад 1% да 2% ад аб’ёму рэалізаванай прадукцыі. Гэта асноўныя артыкулы даходаў, на якія мы разлічвалі».

Адказваючы на пытанне, ці атрымалася пакрыць агульную суму выдаткаў у 8-10 млн еўра, кіраўнік дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату адказаў сцвярджальна.

Паводле БелаПАН