Ліміт знешняга дзярждоўгу Беларусі ў 2016 годзе — 17 млрд. долараў
У наступным годзе ліміт знешняга дзярждоўгу Беларусі складзе 17 млрд. долараў. Гэта прадугледжана законапраектам аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год, які апублікаваў Мінфін.
Фота з сайта belapan.by
Паводле праекта закона, прынятага парламентам на мінулым тыдні, ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу ўстаноўлены на 2016 год у 115 трлн. рублёў. Ліміт унутранага доўгу, гарантаванага ўрадам,
складзе 66 трлн. рублёў.
Ліміт знешняга дзярждоўгу Беларусі прадугледжаны ў 17 млрд. долараў, у той час як ліміт знешняга доўгу, гарантаванага ўрадам, — 3,5 млрд. долараў.
Калі фактычныя памеры ўнутранага і (ці) знешняга даўгоў, гарантаваных урадам, будуць перавышаныя над зацверджанымі лімітамі, "рашэнні аб даванні новых гарантый не прымаюцца",
адзначаецца ў законапраекце.
Варта заўважыць, што прыняты парламентам законапраект аб бюджэце яшчэ павінен прайсці стадыю зацвярджэння прэзідэнтам.
Паводле звестак Міністэрства фінансаў, унутраны дзярждоўг Беларусі на 1 лістапада 2015 года склаў 80,1 трлн. рублёў і павялічыўся з пачатку года на 31,7 трлн. рублёў. Знешні дзярждоўг на гэты ж
перыяд склаў 12,5 млрд. долараў, зменшыўшыся з пачатку года на 90,5 млн. долараў.
Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні двух буйных запазычанняў — крэдытаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 2 млрд. долараў і Міжнароднага валютнага фонду на 3 млрд.
долараў. Акрамя таго, у 2016 годзе ўрад плануе размясціць новы выпуск еўрабондаў і за кошт гэтага прыцягнуць яшчэ 1 млрд. долараў.
Частку новых запазычанняў улады плануюць накіраваць на рэфінансаванне старых даўгоў. Плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні знешняга дзярждоўгу, якія неабходна ажыццявіць у 2016 годзе, Мінфін ацэньвае
ў 3,3 млрд. долараў.