Мінгандлю: рэкламу піва трэба забараніць

Міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў лічыць патрэбным забараніць у краіне рэкламу піва. Пра гэта ён паведаміў на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.



pivo.jpg

Адказваючы на пытанне  ці не плануецца забараніць у краіне рэкламу піва, бо аб'ёмы яго спажывання, у тым ліку моладдзю, вялікія, а гэты напой наносіць не меншую шкоду, чым алкагольныя напоі або тытунёвыя вырабы, кіраўнік ведамства адзначыў, што падтрымлівае дадзеную ініцыятыву.

"Маё асабістае меркаванне, нам трэба набліжацца ў гэтым плане да Расіі і трэба прызнаваць піва алкагольным напоем. Калі мы гэта зробім, мы такім жа чынам можам унесці змены ў заканадаўства аб тым, што гэты напой будзе забаронена рэкламаваць, як іншыя алкагольныя напоі", — адзначыў Валянцін Чаканаў.

Міністр таксама паведаміў, што ў краіне ў гэтым кірунку ўжо зроблена многае. "Мы скарацілі час на рэкламу піва, прымаем значныя меры да парушальнікаў. Але трэба рухацца далей і прапаноўваць, каб рэклама піва была забароненая", — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

БЕЛТА