У Беларусі забароняць рэкламу электронных цыгарэт
Прынятыя ў першым чытанні ніжняй палатай парламента папраўкі ў закон аб рэкламе прадугледжваюць забарону на рэкламу электронных цыгарэт.

«Згодна з папраўкамі ў закон аб рэкламе... забаронена рэкламаваць любыя тавары, якія сваім найменнем або знешнім выглядам падобныя з алкагольнымі і тытунёвымі вырабамі. Гэта значыць, калі дакумент уступіць у сілу, знікне рэклама электронных цыгарэт», — патлумачыла сёння прадстаўнік Мінгандлю РБ Іна Гаўрыльчык.
Згодна з дзейным заканадаўствам, электронныя цыгарэты не з'яўляюцца тытунёвымі вырабамі.
«Але праблема з імі ёсць: яшчэ ніхто не даказаў, што яны бясшкодныя. Мы гэтае пытанне шчыльна прапрацоўвалі з Міністэрствам аховы здароўя, дзе нам паведамілі, што ніякіх навукова абгрунтаваных доказаў таго, што электронная цыгарэта бяспечная для здароўя і што яна дапамагае кінуць паліць, няма», — сказала Гаўрыльчык.