Мінтранс Літвы не можа даць гарантый, што транзіт калію спыніцца пасля 1 лютага

Міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс не гатовы гарантаваць, што транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз краіну спыніцца пасля 1 лютага.

Марус Скуодзіс

Марус Скуодзіс


«Даць стоадсоткавую гарантыю ў сілу многіх прычын я ніяк не магу», — сказаў ён, піша REFORM.by са спасылкай на Delfi.

Нагадаем, урад Літвы прызнаў дамову Літоўскай чыгункі з «Беларуськаліем» неадпаведнай патрабаванням нацыянальнай бяспекі. Яна будзе скасаваная з 1 лютага. Разам з тым захоўваецца магчымасць для іншых кампаній арганізаваць перавозкі, праўда, такія кантракты будуць падвяргацца праверцы на адпаведнасць нацыянальнай бяспекі.

На думку Скуодзіса, гарантаваць адсутнасць транзіту могуць толькі сумесныя еўрапейскія санкцыі. Дзеючыя цяпер абмежаванні закранаюць толькі асобныя віды калійнай прадукцыі і змешаных угнаенняў. Яны не закранаюць асноўны экспартны прадукт «Беларускалія».

«Калі ставіць мэтай, каб транзіт угнаенняў праз Літву не ажыццяўляўся, галоўным засцерагальнікам былі б санкцыі на ўзроўні ЕС, над якімі, наколькі мне вядома, МЗС цяпер інтэнсіўна працуе», — растлумачыў Скуодзіс.