Экспарт прадукцыі, якая патрапіла пад санкцыі, не скараціўся, а вырас
Апошнія даныя па экспарце паказваюць, што яго фантастычны рост забяспечаны менавіта засакрэчанымі таварнымі пазіцыямі.
2021 год быў адзначаны значным ростам экспарту. Апошнія даступныя даныя (лістапад) паказваюць, што да канца года рост падскочыў яшчэ больш: у адносінах да лістапада 2020-га — на 1, 515 млрд (55, 7%). Быў пабіты месячны рэкорд за апошнія 9 год, піша infobank.by.
Большае значэнне таварнага экспарту назіралася толькі ў 2012 годзе, калі дзейнічалі схаваныя схемы пастаўкі за мяжу нафтапрадуктаў.
Ужо некалькі месяцаў як афіцыйная статыстыка Беларусі ўтоена ў частцы інфармацыі аб знешнім гандлі ў некалькіх таварных групах: з адкрытага доступу выдалены даныя з пачатку 2021 года.
Да раней ужо засакрэчанай знешнегандлёвай статыстыкі па зброі і боепрыпасах, золаце і каштоўнасцях, тытунёвых вырабах, дадалася забарона на інфармацыю па:
- нафце і нафтапрадуктах
- электраэнергіі
- усіх відах угнаенняў
- розных арганічных злучэннях (з нафты)
- аўтамабільных шынах
- грузавых аўтамабілях і аўтобусах, трактарах.
Гэта значыць, аказалася прыхаваная статыстыка экспарту/імпарту тавараў, якія трапілі пад санкцыі.
Аказалася, што менавіта схаваныя групы выраслі больш за ўсё. Графік сумарнага экспарту "санкцыйных" тавараў — па схаваных групах (і яшчэ па нейкай колькасці не размеркаванага па групах) выглядае так:
За лістапад экспарт з адкрытых статыстыкай таварных груп вырас на 62 млн долараў. З закрытых статыстыкай таварных груп — на 404 млн долараў або на 86,7% у адносінах да лістапада.
Гэта значыць, нягледзячы на ўвядзенне санкцый з боку ЕС, якія пачалі дзейнічаць з 24 чэрвеня, больш павялічыўся экспарт менавіта "санкцыйных" тавараў, якія складаюць аснову закрытых статыстыкай таварных груп.
Адзначым, што санкцыі не закранаюць наяўныя, ужо заключаныя кантракты. Па галоўных калійных угнаеннях (санкцыі ЗША) абмежаванні ўступаюць у сілу толькі ў снежні.
thinktanks.by