Незаўважаныя перамогі
Выглядае, што ў нас усё добра. Мы паспяхова правялі суботнік, адгулялі доўгія выходныя. Долар падае, пачынаецца пасяўная. Мы лічым, што ўсё нармальна. Але некаторыя нашых поспехаў не заўважаюць.
Беларускім уладам у сакавіку нават амаль удалося стрымаць рост складскіх запасаў. У сакавіку складскія запасы выраслі ўсяго на 0,32 трыльёна рублёў і на 1 красавіка 2015 года дасягнулі 38,95 трыльёна рублёў. Праўда, з пачатку года складскія запасы павялічыліся на 6,27 трыльёна рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці на 1 красавіка 2015 года склала 83,95% супраць 75,8% на 1 студзеня 2015 года і 80,7% на 1 красавіка 2014 года. Але ж поспех ёсць?
Поспех ёсць, толькі не той, на які разлічвалі. З канца сакавіка і ўвесь красавік да нас паступалі навіны, што то адно, то іншае прадпрыемства перайшло на «чатырохдзёнку» альбо ўвогуле спыніла вытворчасць. Як вынік, у цэлым эканоміка Беларусі ў сакавіку паскорыла сваё падзенне і за тры месяцы бягучага года абвалілася на 2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У грашовым выразе ВУП склаў 187 трыльёнаў рублёў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
У студзені ВУП знізіўся на 0,4%, за студзень-люты — на 0,6%. Выпуск прамысловай прадукцыі склаў Br172,6 трыльёна, што на 7,3% менш, чым за аналагічны перыяд 2014 года.
Нагадаем, што па плане беларускія ўлады разлічваюць на 0,2–0,7% росту ВУП па выніках года. Міжнародны валютны фонд жа абяцаў спад беларускага эканамічнага цуду на 2,3%. Аказваецца, што самага песімістычнага прагнозу МВФ мы толькі за тры месяцы амаль дасягнулі.
Замежнікі ж заўважаюць не ўнутраную «стабільнасць», а глабальныя паказчыкі. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s у сувязі з гэтым нанесла сінявокай удар пад дых. Агенцтва панізіла суверэнны рэйтынг эмітэнта і рэйтынг незабяспечанага доўгу Беларусі да «смеццевага ўзроўню» — з «B3»да «Caa1». Прагноз па рэйтынгах — «негатыўны», гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
Нагадаем, што, згодна з міжнароднай класіфікацыяй, усе рэйтынгі, ніжэй першай літары «В» і пачынаючы з «С», з’яўляюцца «смеццевымі». Гэта азначае вялікую рызыку невяртання дадзеных крэдытаў і ўкладзеных інвестыцый. То бок, грошы, затрачаныя ў такой краіне, можна лічыць «выкінутымі ў сметніцу».
Адначасова Moody’s панізіла рэйтынгі валютнага доўгу Беларусі з «B3» да «Caa1», максімум абавязацельстваў і дэпазітаў у нацыянальнай валюце да «B3» з «B1» і столь рэйтынгу дэпазітаў у замежнай валюце да «Caa2» з «Caa1». Зніжэнне рэйтынгу агенцтва растлумачыла асцярогамі з нагоды здольнасці краіны абслугоўваць знешні доўг з-за зніжэння экспартнай выручкі і падтрымкі з боку Расіі, а таксама нестабільнай эканамічнай мадэллі Беларусі. Moody’s нагадала, што абслугоўванне знешняга доўгу абыдзецца Беларусі ў 2015 годзе ў $4 мільярды, у 2016 — $3,1 мільярда, у 2017 годзе — $2,8 мільярда, у 2018 годзе — $3 мільярды. У той жа час агенцтва салідарнае з МВФ наконт таго, што ВУП Беларусі ў 2015 годзе скароціцца на 2,3%, у 2016 годзе — на 0,1%.
То бок, Беларусі няма дзе ўзяць грошы на выплату знешніх пазыкаў. Таму Moody’s і апусціла Беларусь «у сметніцу».
Ці справядліва гэта? Між іншым, рэйтынг «С» зараз у Грэцыі. І што ў параўнанні з гэтым нашыя знешнія пазыкі — Грэцыя павінная крэдыторам аж 320 мільярдаў еўра! Да таго ж, мы дамовіліся з Расіяй аб рэструктурызацыі нашых знешніх пазыкаў гэтай краіне — пра гэта заявіў наш прэм’ер Андрэй Кабякоў. А вось Грэцыя з МВФ пра адтэрміноўку плацяжоў не дамовілася, і ў гэтым годзе Грэцыя павінна выплаціць больш 9 мільярдаў.
Дык ці мае рацыю Moody’s? Можа, яны возьмуць на працу нашых эканамістаў?
Да таго ж, у нас, як заўсёды, есць рэзервы. І, як заўсёды, гэтыя рэзервы знаходзяцца ў кішэнях грамадзян. Той жа Белстат паведамляе, што прыхаванае беспрацоўе ў Беларусі прынамсі ў лютым гэтага года працягвала набіраць абароты. Так, у параўнанні з лютым 2014 года, колькасць работнікаў, якія працавалі няпоўны працоўны час па ініцыятыве наймальніка, у лютым бягучага года вырасла ў 3,7 разы (склала 370%) з 17,4 тысячы да 63,6 тысячы чалавек. У параўнанні са студзенем гэтага года колькасць такіх работнікаў вырасла на 44,9%.
Колькасць работнікаў, якім былі прадстаўленыя адпачынкі без захавання або з частковым захаваннем зарплаты па ініцыятыве наймальніка, за люты вырасла ў 2,3 разы (230%) з 16,4 тысячы да 37,8 тысячы чалавек у параўнанні з лютым 2014 года. Колькасць работнікаў, якія знаходзіліся ў цалкадзённым (цалказменным) прастоі вырасла на 9,2% у адносінах да студзеня бягучага года.
Нездарма Аляксандр Рыгоравіч падпісаў дэкрэт аб лайдаках і ўтрыманцах! Праўда, трэба было б гэты дакумент дапоўніць адказнасцю наймальніка за «вымушаны прастой». А то колькі людзей «лічацца» на працы, а на самай справе не працуюць!
Праўда, усё яшчэ наперадзе. Натхніўшыся працай падчас суботніка, Лукашэнка заявіў, што дэкрэт аб утрыманцах пакуль што носіць эксперыментальны характар, і не выключыў унясення паправак у дакумент напрыканцы года.
«Я не кажу, што ён (дэкрэт. — аўт.) ідэальны. Вы бачыце, я нават не абараняю яго. Мы глядзім, нармальны ён ці не. Памыліліся — паправім, але трэба даць магчымасць, каб гэты дакумент папрацаваў. А затым дапрацуем. Дзе памыліліся, мы папросім прабачэння і паправім. Да канца года сітуацыю выправім», — сказаў Лукашэнка. Аднак ён не ўдакладніў, на падставе чаго будуць уносіцца папраўкі: выплаты па дэкрэце пачнуцца толькі ў наступным годзе.
У той жа час Лукашэнка сцвярджае аб падтрымцы дэкрэта з боку працоўных. «Таму што, напэўна, не вельмі, калі ты працуеш з раніцы да вечара і глядзіш, каб сям’ю накарміць, а некаторыя, наогул не напружваючыся, на «Лексусах», «БМВ», «Мерседэсах» раз’язджаюць, не выплочваючы нават капейкі падаткаў. У паліклініку, школу, дзіцячы сад, яшчэ кудысьці — яны першыя. Дык там таксама грошы, гэта ж пабудавана за грошы людзей», — заявіў беларускі кіраўнік.
У інтэрнэце пад петыцыяй за адмену «дэкрэту аб лайдаках» падпісалася больш за 30 тысяч чалавек. Але каго гэта хвалюе?