Moody’s знізіла рэйтынгі Беларусі
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s знізіла суверэнны рэйтынг эмітэнта і рэйтынг незабяспечанага доўгу Беларусі да «Caa1» з «B3». У прэсрэлізе агенцтва прагноз абазначаны як «негатыўны», перадае «Інтэрфакс».
Акрамя таго, агенцтва пагоршыла столю рэйтынгу валютнага доўгу Беларусі да «Caa1/NP» з «B3/NP», а столю рэйтынгаў абавязацельстваў і дэпазітаў у нацыянальнай валюце да «B3» з «B1» столю рэйтынгу дэпазітаў у замежнай валюце да «Caa2/NP» з «Caa1/NP».
«Негатыўны прагноз адлюстроўвае меркаванне Moody’s, што пазіцыя Беларусі па знешніх плацяжах, верагодна, працягне пагаршацца. А гэта ў сваю чаргу можа істотна паслабіць здольнасць краіны абслугоўваць свае даўгавыя абавязацельствы ў замежнай валюце пасля 2015 году», — гаворыцца ў прэсавым рэлізе Moody’s.
Выплаты Беларусі па валютных абавязацельствах сёлета складаюць каля 4 мільярдаў даляраў, у 2016 годзе — 3,1 мільярда даляраў, у 2017 — 2,8 мільярда даляраў, у 2018 — 3 мільярды даляраў.
Таксама Moody’s адзначае пагаршэнне перспектываў атрымання Беларуссю знешняй фінансавай дапамогі.
Перагляд рэйтынгаў Беларусі Moody’s пачала 23 лютага 2015 году.
Барыс Жаліба: Калі не знойдзем пару мільярдаў даляраў, то можам наагул збанкрутаваць
Барыс Жаліба
У гэтых рэйтынгаў ёсць агульная градацыя, пачынаючы ад «А», «В» і гэтак далей паводле алфавіту. І чым далей літара ад пачатку, тым горшыя справы, — тлумачыць у каментары для "Радыё Свабода" доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба:
«Нядаўна гэтыя рэйтынгі знізілі і для Расіі. Для яе гэта яшчэ больш балюча, паколькі яна значна болей за нас завязаная на ўсясветныя фінансы.
Але і для Беларусі такі прагноз нічога добрага не нясе. Рэйтынгавыя агенцтвы робяць комплексны аналіз. Яны глядзяць на наш золатавалютны рэзерв, на тое, што да сённяшняга дня мы не правялі рэфінансавання замежных пазыкаў. Нібыта з Расеяй ідуць перамовы пра рэфінансаванне, то бок узяць новыя пазыкі, каб заплаціць за старыя, ці пра рэструктурызацыю, то бок адсунуць тэрміны вяртання пазыкаў. Усё гэта ў сукупнасці і падвяло міжнароднае агенцтва да зніжэньня рэйтынгаў Беларусі.
Канечне, гэта сігнал для замежных інвестараў, што Беларусь сёння непрывабная краіна для ўкладання сродкаў. І гэта ж сігнал для традыцыйных нашых крэдытораў — Расеі, Кітаю, што наша фінансавая сітуацыя пагаршаецца.
Калі мы не знойдзем пару мільярдаў даляраў, то мы можам наагул збанкрутаваць і аб’явіць дэфолт».