Беларусь і МВФ дамовіліся пра парадак выпрацоўкі ўмоваў рэалізацыі праграмы Фонду

Дэлегацыя Беларусі правяла ў Вашынгтоне сустрэчы з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і Сусветнага банка.



images67.jpg

Беларуская дэлегацыя выехала ў Вашынгтон для ўдзелу ў штогадовым паседжанні саветаў кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка (з 16 па 19 красавіка). У яе склад уваходзяць намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц, першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі. Прадстаўнікі Беларусі правялі сустрэчы і перамовы з кіраўніцтвам МВФ і Сусветнага банка.

"Падчас сустрэч з намеснікам дырэктара-распарадчыка МВФ Міцухіра Фурусава, дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Полам Томсенам, кіраўніком місіі МВФ па Рэспубліцы Беларусь Дэвідам Хофманам абмяркоўваліся ключавыя меры структурнага рэфармавання эканомікі для яе збалансаванага развіцця. Бакі дамовіліся пра парадак узаемадзеяння, у рамках якога плануецца ў бліжэйшы час выпрацаваць умовы рэалізацыі праграмы МВФ", — распавялі ў знешнепалітычным ведамстве Беларусі.

На сустрэчах з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка Лорай Так і экспертамі Банка бакі абмеркавалі перспектыўныя праграмы крэдытнай падтрымкі, у тым ліку ў галіне павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, кіравання дзяржаўнымі фінансамі, адукацыі. "Сусветны банк таксама працягне шырокую кансультатыўную праграму. У рамках пасяджэнняў груп краін, прадстаўленых у саветах дырэктараў МВФ і Сусветнага банка Турцыяй і Бельгіяй, узгоднены заявы на Міжнародным валютна-фінансавым камітэце МВФ і Камітэце па развіцці Сусветнага банка. Беларускі бок праінфармаваў пра падрыхтоўку чарговага пасяджэння груп у Мінску ў маі бягучага года", — дадалі ў прэс-службе МЗС.

Таксама прайшлі сустрэчы з інвестарамі — асноўнымі трымальнікамі беларускіх каштоўных папер, якім была прадстаўлена ацэнка бягучай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Аляксандр Забароўскі на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Філіпам Беннетт абмеркаваў пытанні прыватызацыі ў банкаўскім сектары Беларусі і падтрымкі развіцця механізму дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Адбылася сустрэча Максіма Ермаловіча са старшынёй Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусь — ЗША, партнёрам міжнароднай юрыдычнай фірмы "Грынберг Траўрыг" Дэвідам Бэйранам, у ходзе якой бакі абмеркавалі актуальныя праекты супрацоўніцтва Беларусі і ЗША ў гандлёва-эканамічнай сферы, у тым ліку якія рэалізуюцца пад эгідай Савета.

БЕЛТА