Расія вярнула Беларусі 18 тон слуцкага масла
Упраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях забараніла ўвоз у Расію больш як 18 тон масла «Сялянскага» вытворчасці ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».
На сайце Рассельгаснагляду паведамляецца, што прычынай вяртання прадукцыі стаў «несапраўдны ветэрынарны сертыфікат». Груз быў спынены ў пункце «Красная
Горка».
Паведамленні пра тое, што грузы з Беларусі спыняюць у пункце «Красная горка», ідуць увесь тыдзень.
8 студзеня ў «Краснай Горцы» спецыялісты Рассельгаснагляду спынілі каля 60 тон садавіны і гародніны.
7 студзеня быў забаронены ўвоз у Расію больш як 17 тон мяса птушкі вытворчасці беларускага ААТ «Агракамбінат „Скідзельскі“», 6 студзеня — 30 тысяч
курыных яек з Беларусі, 5 студзеня — 20 тон беларускай гародніны.
Яшчэ раней, 4 студзеня, у пункце «Красная Горка» спецыялісты Рассельгаснагляду спынілі і вярнулі ў Беларусь калону грузавікоў з польскімі і малдаўскімі яблыкамі — каля
190 тон.
svaboda.org