Стаўкі растуць, але беларусы працягваюць выносіць з банкаў валютныя ўклады
У ліпені 2021 года беларусы абнавілі мінімум аб'ёму валютных укладаў у банках. Нягледзячы на рост ставак па валютных укладах у ліпені, людзі лічаць за лепшае захоўваць грошы не ў банках, адзначае Myfin.by.
![_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg _hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg](/img/v1/images/_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акрамя панічных настрояў праз магчымасць валютных абмежаванняў, сваю ролю адыграў сезон адпачынкаў і выдаткаванне валютных зберажэнняў. У ліпені з банкаў забралі больш за 131 мільён долараў, а агульны аб'ём валютных укладаў у беларускіх банках абнавіў мінімум дзесяцігоддзя і складае цяпер $5,13 млрд.
Паводле звестак Нацбанка, у ліпені 2021 года вырас аб'ём рублёвых укладаў, а таксама рублёвыя рэшткі сродкаў на картках. Так, на 46,3 млн. рублёў вырас аб'ём тэрміновых рублёвых укладаў, а рэшткі на карт-рахунках і ўкладах «да запатрабавання» дадалі адразу 213,2 млн. рублёў, усталяваўшы максімум года на ўзроўні 3,28 млрд. руб. Гэта, хутчэй за ўсё, звязана з пачаткам сезону адпачынкаў і адпаведнымі выплатамі, а таксама квартальнымі прэміямі. Аналагічны ўсплёск назіраўся па выніках сакавіка 2021-га. Валютныя ўклады за месяц страцілі $131 млн. З пачатку года валютныя ўклады фізічных асоб скараціліся на $721,7 млн., або на 12,3%.
![Інфаграфіка: Myfin.by Інфаграфіка: Myfin.by](/img/v1/images/m3r1nx0ctkfsz6my19fjb9rheqlkb6lz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Інфаграфіка: Myfin.by
А са жніўня 2020-га, калі пачаўся значны адток валютных укладаў, іх агульнае падзенне склала амаль $2 млрд.
Што ў выніку?
Скарачэнне валютных укладаў фізічных асоб пакуль не спыняецца. Наколькі эфектыўным фактарам іх стрымлівання будзе павышэнне ставак па валютных укладах вышэй за 5%, пакажа статыстыка жніўня. Пакуль людзі мацней рэагуюць на бягучыя эканамічныя патрэбы (адпачынкі і выдаткі зберажэнняў), асцерагаюцца новых санкцый супраць банкаў і гучных заяў беларускіх чыноўнікаў. Рублёвыя дэпазіты стабілізаваліся на ўзроўні травеньскіх значэнняў, пры гэтым моцна выраслі рублёвыя сродкі на картках.