Сяргей Чалы: Няма такога патоку грошай, які вырашыў бы праблемы Лукашэнкі

Пакуль улады спрабуюць дапамагчы «абраным» прадпрыемствам, крызіс у рэальным сектары пагражае вярнуць краіну ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя.

chaly_151117082021.jpg


Незалежны аналітык Сяргей Чалы расказаў у дзявятым выпуску «Чалы на канікулах», што эканамічны крызіс будзе нетыповым, што новы крызіс будзе азначаць для звычайных людзей, чым страшныя санкцыі і ці ўратуе эканоміку амаль $1 млрд., які Беларусь можа атрымаць ад МВФ бязвыплатна. Тэкст прыводзіць «Еўрарадыё».


Праз дапамогу «абраным» пацерпяць усе астатнія

— Цяпер пытанне не ў тым, ці будзе крызіс, а ў тым, па якім сцэнары ён будзе развівацца. Ці будзе будучы крызіс праходзіць па фінансавым канале або па канале прадпрыемстваў рэальнага сектара.

Крызісы, да якіх мы прызвычаіліся, былі звязаныя з праблемамі банкаўскай сферы. За апошнія паўгода стала зразумела, што Нацбанк будзе цвёрда настойваць на стабільнасці фінансавага сектара, лічачы гэта галоўнай каштоўнасцю.

Хутчэй за ўсё, мы займеем справу з тым, што, не маючы магчымасці пераканаць або прымусіць Нацбанк ствараць неабходную колькасць грошай у эканоміцы для стратных прадпрыемстваў рэальнага сектара, будуць выкарыстоўвацца іншыя механізмы.

Да такіх механізмаў належыць не толькі павелічэнне дэфіцыту бюджэту, але і павелічэнне эмісіі аблігацый Банка развіцця. Вынікам стане тое, што сектары эканомікі або часткі гэтай эканомікі — дзяржаўная і прыватная — будуць яшчэ мацней разыходзіцца. Некаторае паслабленне для прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара будзе кампенсавана ўзмацненнем жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі Нацбанка, якая працуе для ўсіх.

_nb___nacbank__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Банк развіцця — адзіны канал, які Нацбанк не кантралюе да канца. Яму не далі гэтага палітычна зрабіць у папярэднія гады. Дзеянні Нацбанка будуць пагаршаць фінансавае становішча прадпрыемстваў усіх сектараў, але бюджэт будзе спрабаваць сваімі рукамі дапамагаць «абраным».


Вяртанне да дзікай сітуацыі дзевяностых гадоў

На думку Сяргея Чалага, на гэты раз крызіс будзе пашырацца ў рэальным сектары.

— Галоўныя фактары, за якімі трэба сачыць, — агульная запазычанасць прадпрыемстваў адно перад адным, дынаміка крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцей.

Запазычанасці ў апошнія месяцы, няхай не вельмі хуткімі тэмпамі, але дэманструюць трывожную тэндэнцыю. Расце адначасова і дэбіторская, і крэдыторская запазычанасць.

Пры гэтым унутраны рынак даволі слабы. Мы па-ранейшаму маем інвестыцыйную і спажывецкую рэцэсію ўнутры краіны. І толькі знешні сектар у нейкай ступені аказвае падтрымку эканамічнаму росту.

Прыкладна дзве траціны эканамічнага росту прыпадае на знешні сектар. Яшчэ прыкладна траціна забяспечваецца нізкай базай мінулага года. Яна таксама паступова змяншаецца. Дынаміка росту набліжаецца да нуля, калі браць памесячна, а не год да года.

Вынікам крызісу, які праходзіць пераважна ў канале рэальнага сектара, будзе тое, што мы пабачым, хутчэй, вяртанне да нулявых гадоў, а, быць можа, да больш ранніх праяў. Калі былі крызісы неплацяжоў сярод прадпрыемстваў — гэта не азначала, што яны спынялі сваю фінансавую і вытворчую дзейнасць. З мінулага мы ведаем, што грашыма можа быць што заўгодна.

Замест рэальных разлікаў паміж прадпрыемствамі могуць узнікнуць схемы ўзаемазалікаў даўгоў. Вы робіце нешта. У контрагента няма грошай, каб заплаціць. Яму, у сваю чаргу, вінны яшчэ нехта. І з’яўляюцца схемы, калі па ланцужку забяспечваецца расшыўка гэтых неплацяжоў.

Пытанне, ці будуць гэтыя залікі санкцыянаваныя на самым версе, бо Нацбанк даўно забараніў рабіць такога роду рэчы. Гэта, па сутнасці, прызнанне эмісіі, якая адбылася не ў банкаўскай сферы. Гэта вяртанне да дзікай сітуацыі дзевяностых гадоў, калі фактычна міні-эмісійнымі цэнтрамі становяцца самі камерцыйныя прадпрыемствы.


Чым новы крызіс пагражае звычайным людзям?

— Калі грашовыя сурагаты будуць вяртацца ў сістэму разлікаў паміж прадпрыемствамі, жывых грошай у гэтых прадпрыемстваў на рахунку, каб плаціць вам заробак цалкам, проста не будзе.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg


Анекдатычныя прыклады: «Вось вам наша каўбаса, шкарпэткі, вось мы выдадзім заробак часткова прадукцыяй нашага прадпрыемства. Ці выдадзім талоны на харчаванне ў нашай сталовай». Так жа сама, як неграшовыя формы разліку будуць з’яўляцца паміж прадпрыемствамі, яны будуць пранікаць у разлікі з супрацоўнікамі.

Будуць утварацца стыхійныя біржы, рынкі, калі народ будзе сам выконваць функцыі аддзелаў збыту. Тое, што можна будзе прадаць, будуць спрабаваць прадаваць паміж сабой на нейкіх рыначках. А што застаецца рабіць у такой сітуацыі?


Праз санкцыі партнёры ўжо адыходзяць «ад граху падалей»

— Галоўнай пагрозай такога роду санкцый [фінансавых. — Еўрарадыё] з’яўляецца тое, што яны пабудаваны даволі складана. Яны вельмі розныя ў розных краін, могуць тлумачыцца і вузка, і шырока. Амерыканскія санкцыі пераважна менавіта так і ўладкаваны. Яны будуць сачыць за спробамі ладзіць схемы для абыходу санкцый і караць тых, хто будзе дапамагаць у стварэнні такога роду механізмаў. Гэта шырокая фармулёўка. Пад другасны гнеў можа трапіць хто хочаце.

Вельмі дорага і складана разбірацца ў тым, ці з'яўляецца канкрэтная дзейнасць, супрацоўніцтва з беларускай банкаўскай сістэмай, рэальным сектарам і гэтак далей — санкцыйнымі.

Мы бачым, што 90 адсоткаў кейсаў, калі паведамляюць пра адмову ў правядзенні банкаўскіх плацяжоў, — гэта менавіта такія кейсы. Проста ад граху падалей.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1_.jpg


Санкцыі Вялікабрытаніі, якая з’яўляецца найважнейшым фінансавым цэнтрам, перакрываюць канал атрымання замежнай валюты альбо шляхам сіндыкаваных пазык замежных банкаў [адна буйная пазыка, што ўзятая ў некалькіх банках. — Еўрарадыё], альбо размяшчэння еўрааблігацый. Для фінансавага сектара гэта вельмі адчувальна.

Плюс дамоклаў меч павешаны ЗША не толькі шляхам кантролю за доларавымі актывамі, але і за разлікамі ў доларах. Пакуль сур'ёзнай пагрозы ў гэтым няма, нягледзячы на прыкметы сектаральных санкцый: «Беларуськалій» там згаданы, але не згаданая, напрыклад, БКК [якая прадае прадукцыю «Беларуськалія». — Еўрарадыё].

Пакуль гэта механізм, які накіраваны на тое, каб беларускія ўлады «адумаліся». Гэта прывідная імавернасць, але яе варта пакідаць, і названы нават крокі, якія трэба зрабіць, каб пытанне пра зняцце санкцый магло абмяркоўвацца.

Ва ўсіх астатніх выпадках фактычна намаляваная дарожная карта: што будзе на працягу наступных месяцаў, калі вы працягнеце ўпарціцца ў сваіх нерацыянальных паводзінах датычна ўласнага насельніцтва і краін-суседак.


$1 млрд. ад МВФ не вырашыць праблемы Лукашэнкі

Рашэнне МВФ аб размеркаванні Беларусі SDR амаль на $1 млрд. уступіць у сілу 23 жніўня. Нягледзячы на ініцыятывы па блакаванні доступу Беларусі да гэтых сродкаў, МВФ сваё рашэнне пакуль не адмяняе.

— Чаму МВФ так робіць, мне складана сказаць. Чытаў на «Блумберг», што максімум, што можа зрабіць ЗША, нягледзячы на сваю вагу ў МВФ, — гэта не даць магчымасць атрымаць гэтыя грошы ў доларах. Можа быць, нават у еўра складана будзе іх атрымаць. Але магчымае атрыманне ў іншых валютах. І гэтыя грошы могуць пайсці на павелічэнне ЗВР.

МВФ пакуль не адмаўляецца выдаць уладам Беларусі 1 мільярд долараў.

Ці выратуюць яны беларускую эканоміку? Прыкладна на траціну года, бо акалічнасці з нашым плацежным балансам такія, што штогод патрэбна каля 3 млрд. долараў. Менавіта таму Лукашэнка на «Вялікай размове» гаварыў, што, вось, у нас засталася частка нявыкарыстанага крэдыту з лініі, якая вылучалася на будаўніцтва АЭС. Гэта значыць, ён шукае, гэтыя грошы яму патрэбныя.

Часовае палягчэнне будзе адзначана. З чарговым дакладам выступіць міністр эканомікі Чарвякоў або Галоўчанка і скажа, як крытыкі былі зняслаўленыя.

І літаральна праз пару месяцаў яны стануць у сваю звыклую позу просьбіта. Сур'ёзна гэта нічога не мяняе. Няма такога патоку грошай, які вырашыў бы праблемы Лукашэнкі.