Ад кляшчоў у Беларусі пацярпелі больш за 1500 чалавек. Што рабіць у выпадку ўкусу

Цёплае надвор’е ў Беларусі выклікала актыўнасць кляшчоў. Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, першыя выпадкі «нападаў» на людзей і жывёлаў зафіксаваныя яшчэ ў сакавіку. На сёння колькасць тых, хто звярнуўся па дапамогу, перавысіла паўтары тысячы, паведамляе «Радыё Свабода».

3587dc48_2ecf_444a_b502_ef397d41ff03_w650_r1_s.jpg


Вялікія праблемы ад маленькай казуркі
Як адзначыў загадчык аддзелу эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ўладзімер Пашковіч, калі ў першы вясновы месяц медустановы зафіксавалі ўсяго два дзясяткі зваротаў, то за красавік — ужо 1500.
У Беларусі больш за 10 відаў кляшчоў, найбольшую небяспеку ўяўляюць дзьве інфекцыі — хвароба Лайма (Лайм-барэліёз) і клешчавы энцэфаліт. Штогод рэгіструецца прыкладна 1600 выпадкаў хваробы Лайма і каля 120-130 выпадкаў клешчавага энцэфаліту. Большая палова здарэнняў прыпадае на сельскую мясцовасць.
Паводле Ўладзімера Пашковіча, рызыка «падчапіць» клешчавы энцэфаліт складае адзін на 350 укусаў, хваробу Лайма — адзін на 25. Клешчавы энцэфаліт перадаецца таксама праз малако, у першую чаргу казінае.
На сайце Міністэрства аховы здароўя прыводзяцца рэкамендацыі, як пазбегнуць атакі кляшчоў і што рабіць у выпадку ўкусу.
Арэол распаўсюджання кляшчоў пашыраецца

У кляшчоў некалькі пікаў актыўнасці — раньняя вясна, сярэдзіна лета і пачатак восені. Адной зь першых прыкмет кантакту зьяўляюцца смыленне скуры, боль у суставах, хваравіты стан нервовай сыстэмы і сэрца.
Найбольш вялікая верагоднасць стаць яго ахвярай у лясах, паркавых зонах, на прысядзібных участках, лугах з высокай травой, аднак апошнім часам у «зону рызыкі» трапляюць і гарадскія месцы адпачынку.
Ад моманту кантакту з інфікаваным кляшчом да першых сімптомаў Лайм-барэліёзу можа мінуць ад 3 да 30 дзён. Часам у месцы прысмоктвання ў першыя гадзіны з'яўляюцца невялікія плямы, якія сведчаць пра рэакцыю на кампаненты сліны кляшча. Першай жа прыкметай клешчавога барэліёзу будзе з'яўленне плямы ў месцы прысмоктвання, якая паступова павялічваецца ў дыяметры.
Як правільна «выкруціць» шкодніка
У выпадку, калі клешч ужо прысмактаўся, яго можна выдаліць двума спосабамі.
Баваўняную нітку завязаць у вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча і, закручваючы канцы кругавым рухам, плаўна падцягваць яго ўгору, каб не адарваць галоўку. Пінцэтам або адмысловай прыладай захапіць кляшча каля хабатка і акуратна выцягваць, круцячы вакол сваёй восі ў зручны бок. Пры гэтым нельга ціснуць на брушка, паколькі магчыма пападанне ў ранку ўзбуджальніка.
У выпадку, калі пры выдаленні кляшча яго часткі засталіся ў ранцы, лепш зьвярнуцца ў паліклініку. Дзеля выдалення нельга выкарыстоўваць алей, тлусты крэм ці іншыя сродкі, бо гэта толькі правакуе дадатковы выкід інфекцыйных узбуджальнікаў.
Як раяць медыкі, пасля выдалення кляшча, калі прайшло не больш за 72 гадзіны ад моманту прысмоктвання, дарослым рэкамендуецца аднаразовы прафілактычны прыём доксыцыкліну — антыбіётык памяншае верагоднасць развіцця хваробы Лайма ў 12 разоў. Дзецям да 8 гадоў, цяжарным і кормячым жанчынам спосаб прафілактыкі мусіць вызначаць лекар.
Цягам 30 дзён пажадана назіраць за месцам, адкуль быў выняты клешч, і ў выпадку з'яўлення і павелічэння ў памерах падазронай плямы звярнуцца да кваліфікаванага інфекцыяніста.