Адзінаццаць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму запрасіў пракурор для Руслана Слуцкага

У судзе Полацкага раёна 18 студзеня працягваецца разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Руслана Слуцкага ў «замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама ў «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК). Раней віцебская міліцыя паведамляла пра затрыманне мужчыны, падазраванага ў здзяйсненні хуліганства.

Руслан Слуцкі з сям'ёй. Фота з сацыяльных сетак

Руслан Слуцкі з сям'ёй. Фота з сацыяльных сетак

Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае Таццяна Шабека.
На лаве падсудных — 38-гадовы жыхар Наваполацка, рамеснік Руслан Слуцкі.
Ён быў затрыманы 20 студзеня 2021 года, а 23 студзеня ў дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Пацярпелыя распавядалі суду, што ім стала вядома пра тое, што аўтамабілі, якія рухаліся першымі ў калоне, наехалі на шыпы ў сувязі з тым, што яны зменшылі хуткасць і спынілі рух транспартных сродкаў, прыпаркаваўшы іх справа на ўзбочыне. Першыя два аўтамабілі належалі мясцовым рэгіянальным СМІ, яшчэ адзін — аднаму з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі».
Суд доўжыцца больш за месяц па прычыне таго, што агулам пацярпелымі па справе прызнана больш за 70 грамадзя, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь», які праходзіў 28 кастрычніка 2020 года.
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны «ў начны час, з 27 па 28 кастрычніка 2020 года, дзейнічаючы наўмысна з матываў палітычнай варожасці, выяўляючы непрыязнасць да дзеянняў органаў дзяржаўнай улады, а таксама супрацьпастаўляючы сябе наяўнаму канстытуцыйнаму ладу і дзеючай палітычнай сістэме, з мэтай далейшага ўжывання дзеля замыкання рэйкавага ланцуга чыгуначных шляхоў і правядзення іх у непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сігналізацыі сістэмы аўтаматычнага блакавання руху, якой абсталяваны чыгуначны перагон у Полацкім раёне, выкарыстоўваючы загадзя нарыхтаваны фрагмент металічнага дрота, накіраваўся ў бок чыгуначнага перагона, знаходзячыся непасрэдна на 647-м кіламетры трэцяга чыгуначнага шляху ў Полацкім раёне ў зоне падвышанай небяспекі, наўмысна шляхам замотвання замацаваў нарыхтаваны ім фрагмент металічнага дроту, замацаваўшы за клемы і за балты абедзвюх рэек чыгуначнага шляху і прывёўшы ў непрыдатнасць сістэму аўтаматычнай блакіроўкі руху, якая рэгулюе інтэрвал руху паміж чыгуначнымі цягнікамі, аднак не давёў свой злачынны намер да канца з незалежных ад яго акалічнасцей 2014 у сувязі з недастатковай колькасцю фрагмента металічнага дрота з элементамі клемы і закладных балтоў. Дадзеныя дзеянні маглі пацягнуць за сабой іншыя наступствы ў выглядзе дэстабілізацыі працы чыгункі».
Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.
Як паведамляюць праваабаронцы, сёння ў ходзе судовых спрэчак пракурор запрасіў для Руслана Слуцкага 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.