Палітвязня Мікіту Емяльянава зноў будуць судзіць — цяпер за непадпарадкаванне супрацоўнікам турмы
А гэта, магчыма, плюс два гады пазбаўлення волі — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў папраўчай установы», паведамляюць праваабаронцы.
Палітвязня Мікіту Емяльянава, асуджанага да чатырох гадоў калоніі, зноў будуць судзіць, на гэты раз — па артыкуле 411 КК РБ («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў папраўчай установы»). Яму пагражае яшчэ два гады пазбаўлення волі.
Суд над Емяльянавым пачнецца 18 студзеня, судзіць яго будуць у Магілёве. Як паведамлялася раней, ён адмовіўся даваць паказанні ў якасці падазраванага па гэтай справе. Вядома, што супрацоўнікі калоніі склалі больш за 60 рапартаў на палітвязня за парушэнне рэжыму ўтрымання. Сам Мікіта тлумачыў, што парушаў рэжым на знак пратэсту з-за пастаяннага парушэння адміністрацыяй турмы яго правоў.
Анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар 12 лютага мінулага года былі асуджаныя на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны. Іх прызналі вінаватымі ў «пашкоджанні маёмасці і незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі ў групе па папярэдняй змове». Гаворка ідзе пра дзве акцыі: у будынак суда кінулі лямпачку з фарбай, а ў будынак СІЗА — бутэльку з запальнай сумессю, якая ў выніку не загарэлася. Абедзве акцыі былі звязаны з судом над анархістам Дзмітрыем Паліенкам і былі пратэстам супраць пераследу палітвязняў. Пазней судовая калегія Мінгарсуда разгледзела апеляцыі і змяніла прысуд па некалькіх частках абвінавачвання. Выніковае пакаранне вызначана шляхам частковага складання: Емяльянаву — 4 гады, а Комару — 3,5 гады ўзмоцненага рэжыму.