«Абазвалі "схільным да экстрэмізму" і павесілі таблічку над ложкам». Сястра палітвязня Мікалая Казлова пра яго ўтрыманне ў турме

Палітвязня Мікалая Казлова, якога нядаўна затрымалі і кінулі за краты, 14-га лютага прызналі «схільным да экстрэмізму».

Палітвязень Мікалай Казлоў

Палітвязень Мікалай Казлоў


Яго сястра, якая сустрэлася з ім некалькі дзён таму, распавяла, што Мікалай знаходзіцца ў камеры адзін.
«Яго абазвалі "схільным да экстрэмізму" і павесілі таблічку над ложкам. Умовы і стаўленне нельга назваць добрымі. Асвятленне ў камеры дрэннае, чытаць можна з цяжкасцю. Мікалай скардзіцца на праблемы са зрокам — мабыць, адбіваецца апёк, які ён атрымаў у мінулым годзе, калі іх на Акрэсціна залівалі хлоркай. Але ў аглядзе і дапамозе афтальмолага яму было адмоўлена.
Увесь час гарлапаніць радыё. Карэспандэнцыю аддаюць далёка не ўсю: тэлеграмы з днём нараджэння ад многіх не дайшлі, атрымаў толькі 3 штукі. Пазбавілі магчымасці адказваць на лісты, забраўшы паперу і ручкі.Папрасіў выпісаць яму прэсу.
У Міколы ўжо ёсць спагнанне ў выглядзе вымовы за тое, што ен нешта зрабіў несвоечасова — пры тым, што ў яго няма гадзін, і час удакладніць не ў каго.
Ён лічыць, што прыдзірлівае стаўленне адміністрацыі і аховы можа быць абумоўлена жаданнем знайсці нагоду для змяшчэння яго ў ШІЗА».