Аляксей Кароль. Са спадзевам на новыя часы

Не дачакаўся Аляксей Сцяпанавіч надыходу новага часу ў нашай краіне, сышоў... А я ўжо не змагу выказаць яму свае словы ўдзячнасці, хіба што тут, на старонках яго газеты.



premija_volchak_22.jpg

Алег Волчак, Раіса Міхайлоўская і Аляксей Кароль

Мне ёсць за што быць яму ўдзячным. Мая праца ў «Новым Часе» пачалася з арышту. У «Новы Час» я прыйшоў працаваць вясной 2013 года, і літаральна адразу ж быў арыштаваны на 10 сутак пад сценамі сумнавядомага ізалятара на Акрэсціна, дзе я сустракаў героя сваёй публікацыі. Перад выхадам на волю з ізалятара я не чакаў, што мяне будзе сустракаць яшчэ хто-небудзь, апроч маіх родных. Але разам з імі сустрэць мяне прыйшоў Аляксей Сцяпанавіч, які прыехаў на машыне, каб адвезці дадому. Пажартаваў, маўляў, «каб цябе зноў не схапілі».

Такое ўважлівае стаўленне да сябе я бачыў цягам усяго часу нашага супрацоўніцтва, на жаль, не вельмі доўгага. Нягледзячы на тое, што «зручным» падначаленым я ніколі не быў. Не ў стане быў працаваць рэгулярна, толькі на імпэце, а з пачаткам драматычных падзей ва Украіне заўсёды імкнуўся туды. Аляксей Сцяпанавіч глыбока ўздыхаў і адпускаў. «Едзь ужо, усё адно цябе не стрымаеш», — казаў на развітанне. Апошнім часам хвароба не шкадавала яго, але Кароль паспяваў паклапаціцца і аб тым, каб падаць на розныя конкурсы мае ўкраінскія матэрыялы. І без яго я не атрымаў бы тых ўзнагарод, якія атрымаў. Вялікі дзякуй, Аляксей Сцяпанавіч!

Ёсць усім нам добра вядомы тып беларускага кіраўніка — нахабны, хамаваты, крыклівы, які заўсёды кіруецца правілам «я — начальнік, ты — дурань». Дык вось, Аляксей Сцяпанавіч быў поўнай супрацьлегласцю гэтаму тыпу. Спакойны, разважлівы, дыпламатычны, ён на роўных размаўляў з падначаленымі, без крыку і спробаў прынізіць. Хутчэй раіўся, чым загадваў, шчыра цікавіўся пунктам погляду суразмоўцы, а не імкнуўся навязаць свой. Без яго рэдакцыя ў значнай ступені асірацее. І як жа бракуе кіраўнікоў з такімі якасцямі Беларусі!

Спачывайце супакойна, Аляксей Сцяпанавіч. А мы застаемся тут чакаць новага часу.