Алесь Бяляцкі: Улады спрабуюць выбіць журналістаў і праваабаронцаў з перадвыбарнага працэсу

Кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі на сваёй старонцы ў Facebook пракаментаваў апошнія факты пераследу журналістаў і праваабаронцаў у Магілёве,



a.jpg

"12 сакавіка адбыўся вобыск у памяшканні, дзе размяшчаюцца рэдакцыя газеты "Наш Могилев" і філіял ПЦ "Вясна", у аўторак, 17 сакавіка, у абласным судзе —- працэс па ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра. Відавочна, што гэтыя падзеі звязаныя паміж сабой. Прэтэнзіі, якія абласныя ўлады мелі да незалежных журналістаў і праваабаронцаў, цяпер пачалі набываць форму пэўнага пераследу з мэтай запалохаць, спыніць журналісцкую актыўнасць і пазбавіць адзіную зарэгістраваную абласную праваабарончую арганізацыю легальных правоў для дзейнасці.

Гэта спланаваная акцыя. Пераслед праваабаронцаў і журналістаў набывае пастаянны характар. Яшчэ зусім нядаўна з краіны была выслана праваабаронца Алена Танкачова, у рэгіёнах ідуць адміністрацыйныя працэсы супраць журналістаў, якія працуюць на незалежныя СМІ. Такім чынам улады рыхтуюцца да выбараў. Яны спрабуюць выбіць журналістаў і праваабаронцаў з перадвыбарнага і выбарнага працэсу з тым, каб як мага менш інфармацыі пра парушэнні падчас выбараў, пра тое, як выбары праходзяць, даходзіла да людзей, да міжнароднай грамадскасці", — напісаў Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, ў Магілёве 12 сакавіка міліцыя ў межах праверкі па заяве пра паклёп правяла агляды кватэры Ігара Барысава, рэдактара сайта "Наш Могилев", і памяшкання, у якім знаходзяцца рэдакцыя выдання і абласное аддзяленне закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", забраўшы камп'тарную тэхніку ў журналіста і праваабаронцаў. А галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага райвыканкама ў гэтым месяцы праз суд распачало чарговую спробу спынення дзейнасці ГА "Магілёўскі праваабарончы цэнтр".

spring96.org