«АМАП, спыніцеся». У Гродна аштрафавалі дырэктарку дзіцячага хоспісу
Дырэктарку Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольгу Вялічку аштрафавалі на 405 рублёў 16 кастрычніка. Яе затрымалі напярэдадні. Ноч гродзенка правяла ў ізалятары, паведамляе «Свабода».
Перад судом Вольга расказала, што пачуваецца добра. У ІЧУ яна не змерзла, ёй далі бялізну.
Паводле пратаколу, Вольга Вялічка ўдзельнічала ў недазволеным масавым мерапрыемстве на вуліцы Гарнавых у Горадні 6 верасня. Вялічка трымала ў руках плакат «АМАП, спыніся». Вялічка адмовілася даваць паказанні.
На судзе ў якасці сведкі выступіў міліцыянт
Кастрычніцкага РАУС Русак, зачыталі пісьмовыя паказанні ягонага калегі
Палякова. Паводле іх, 6 верасня на вуліцы Гарнавых адбыліся сутычкі
пратэстоўцаў і АМАПу.
Пасля сутыкненняў яны ўбачылі жанчын, якія абураліся дзеяннямі на вуліцах, сярод іх была і Вялічка. Як раней расказаў муж Сяргей Вялічка, Вольгу затрымалі ўвечары 15 кастрычніка ў двары гродзенскага мікрараёну Альшанка. Там праходзіла працоўная сустрэча з гродзенцамі аб валанцёрскай дапамозе хоспісу.
На сустрэчу прыйшлі міліцыянты ў форме, прыехаў аўтобус з амапаўцамі. Міліцыянты папярэдзілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Калі ўбачылі паперы з дазволам праводзіць падобныя імпрэзы, сказалі, што Вялічку забіраюць за ўдзел у мітынгу 6 верасня. Удзельнікаў сустрэчы папрасілі разысціся.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.