Андрэй Пачобут адмовіўся з’ехаць з краіны, і адразу адчуў на сабе «прыкметы незадаволенасці»

Журналісту Андрэю Пачобуту адмовілі ў спатканні з жонкаю і дачкою.

paczobut_1.jpg


Адпаведны адказ Аксана Пачобут атрымала ад старэйшага следчага, падпалкоўніка юстыцыі Ганчарыка. Разам з тым Ганчарык у сваім адказе нагадаў, што следчы мае права дазволіць спатканне з блізкімі родзічамі тым, хто знаходзіцца пад вартаю, піша ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Таксама ад Андрэя Пачобута прыйшлі лісты родным. Ён піша, што рады за Ірэну, Марыю і Ганну, якія з’ехалі (прадстаўніцы польскай меншасці ў Беларусі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава, былі вывезеныя ў Польшчу з СІЗА).

Піша, што пасля таго, як звазілі яго ў СК і вярнулі назад у турму, а не вывезлі, адразу адчуў на сабе прыкметы незадаволенасці вынікам паездкі. Адразу перавялі ў іншую камеру. Плюс цяпер ён пад асаблівым кантролем, пастаянныя праверкі і рапарты пра тое, што ён стаіць на прафілактычным уліку.

Пачобут за кратамі знаходзіцца ўжо 76 дзён. Яму прад’яўлена абвінавачванне па арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы і нянавісці). Пачобуту прапаноўвалі з’ехаць у Польшчу ў абмен на вызваленне. Ён адмовіўся. Адмовілася ад дэпартацыі і лідарка Саюза палякаў Анжаліка Борыс.