Журналіста Пачобута ў вязніцы паставілі на ўлік за экстрэмізм

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Аксана Пачобут, піша Свабода.

pachobut_andrei_1.jpg

«Іх пабольшала. Андрэя Пачобута ставяць на ўлік як экстрэміста, схільнага да дэструктыўных дзеянняў», — напісала яна.
Раней стала вядома, што Пачобуту прапаноўвалі вызваленне з СІЗА наўзамен на выезд у Польшчу без права вярнуцца ў Беларусь. Ён адмовіўся. Гэтаксама зрабіла і старшыня незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.
Трох жанчын з неафіцыйнага СПБ, якія праходзілі па так званай «польскай справе», Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву вывезлі з СІЗА ў Польшчу.
Пасля гэтага жонка Андрэя Пачобута паведаміла, што мужу не перадалі лекі для сэрца, якія прынялі ад блізкіх у Жодзінскім СІЗА. У журналіста праблемы з сэрцам, яму неабходны рэгулярны прыём лекаў.

«Справа палякаў»

10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзенне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.
23 сакавіка ў Горадні затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні — Андрэя Пачобута.
Усіх арыштаваных у «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.