«Спадзяюся вы там у парадку. Усіх люблю». Што піша з няволі журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў

Журналіст Дзмітрый Яненка выклаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку скрын нядаўняга (за 31 мая) ліста калегі Андрэя Аляксандрава. З тэкста вынікае, што палітвязень пачуваецца бадзёра.

aljaksandrau_1.jpg

«Спадзяюся вы там у парадку, здаровыя і бадзёрыя. Перадавайце прывітанні ўусім сябрам і калегам. Пра ўсіх памятаю і ўсіх люблю. Пішам далей. Абдымаю», — напісаў Андрэй Аляксандраў.

facebook_1622906383369_6806962735393016159.jpg


Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расследавання справы Аляксандрава прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014—2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.

Медыяменеджар і яго дзяўчына падазраюцца сілавікамі ў фінансаванні пратэснай дзейнасці. “Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэсных акцыях на тэрыторыі горада Мінска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”, — заявіў раней намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў былі перададзеныя фондам By_Help.

12 красавіка стала вядома, што ўпраўленне Следчага камітэта па Менску распачало крымінальныя справы ў дачыненні да сузаснавальнікаў ініцыятывы BY_Help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле версіі следства, перадавалі грошы Аляксандраву і Злобінай “для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці”.

У той жа час праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з’яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Як растлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, яго мэты і намер былі б накіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за здзяйсненне канкрэтных дзеянняў.

На думку праваабаронцы, у гэтым выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасцю, “таму што грошы былі сабраныя людзьмі для таго, каб камусьці дапамагаць”.

Стэфановіч лічыць выстаўленае абвінавачанне недарэчным і звязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасцю Аляксандрава. Таксама, паводле слоў Стэфановіча, артыкул 342, па якім абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх і для ўзяцця абвінавачванага пад варту следству патрэбная сур`ёзная матывіроўка — што Аляксандраў, да прыкладу, небяспечны для грамадства або можа ўздзейнічаць на сведак і пацярпелых. „Як я разумею, ніякай матывацыі ў гэтым выпадку не было”, — сказаў праваабаронца.

У СІЗА Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік у якасці асоб, схільных да экстрэмізму.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.