Андрэй Скурко: Знаходзьце нагоды для радасці і будзьце спакойныя за мяне

Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» палітзняволены Андрэй Скурко даслаў з «Валадаркі» ліст сваёй жонцы Паўліне. Яна апублікавала вытрымкі з яго на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Падаем з захаваннем аўтарскай арфаграфіі і пунктуацыі.

Андрэй Скурко, фота Радыё Свабода

Андрэй Скурко, фота Радыё Свабода

…Я ўсё яшчэ трохі пад уражаннем ад навіны пра бацьку Ганны і Паўла (журналіста і пісьменніка Канстанціна Севярынца, які памёр 1 кастрычніка — НЧ.). Я яго ведаў (прынамсі, бачыў) яшчэ са студэнцкіх часоў. Перадавай Ганне і Вользе, калі раптам будзеце кантактаваць, спачуванні ад мяне. Грамадства ў нясплатным доўгу перад гэтай сям’ёй...…Нам столькі ўсяго наперадавалі, што цяпер трэба будзе ўважліва сачыць, каб нічога не папсавалася:) Учора нават зрабілі “вялікую місу” салата з памідораў, перцаў і агуркоў. А паколькі ёмкасці на такую колькасць у нас няма, замяшалі проста ў вялікім поліэтыленавым пакеце:))…Цікава было падумаць, за што мы «плацім» зараз. Правільна ты напісала: «плацім» — не ў сэнсе «расплачваемся», а ў сэнсе «набываем». Я думаю, мы набываем новае бачанне нашай сям’і, абноўленыя адносіны, глыбейшыя пачуцці. Словам, далёка не кожнай сям’і так шанцуе:) Таксама я пазбаўляюся схільнасці да неабгрунтаванага раздражнення і ўвогуле буду, напэўна, вельмі спакойны пасля ўсяго гэтага :)…Трэба сказаць, калі ўсё скончыцца, мне спатрэбіцца гадзінка-другая на адаптацыю:) Бо тут ужо часам здаецца, што лісты і газеты ідуць з іншай планеты, а гукі «знешняга свету» (музыка з касцёла, гудкі машын) выклікаюць здзіўленне. Пішу гэта не ў парадку скаргаў на жыццё, проста апісваю свае адчуванні, як ты прасіла:)Я абсалютна спакойны, сяджу і чакаю сустрэчы з вамі. Успомніўся выраз «палоннае цярпенне» з абіходу Масковіі 16-17 ст. (гэта калі яны траплялі ў ВКЛ).Мы тут неяк смяяліся, што па-турэцку будзе не «сядзець», а «ляжаць» у турме:) Зараз я сяджу (ляжу?) і гляджу на вялізную торбу агуркоў, якія нам, напэўна, давядзецца пасаліць :)…Яшчэ з нашых мясцовых навінаў: мы замянілі кляёнку на стале і лаўках на новую (купілі на атаварцы). Здавецца, нават пасвятлела тут:) Хоць некаторыя бурчалі, што цяпер камера — як жаночая (кляёнка — у фіялетавыя ружы:))…Сёння прыйшла “Родіна” — вельмі цікавая. Яны там друкуюць падборку наўгародскх берасцяных грамат : «За меня не волнуйся. Сел в Коломне на ладью». Таксама ў інтэграцыйнай рубрыцы — артыкул пра Максіма Багдановіча (побач з матэрыяламі пра Жукава і забойства Кубэ). Артыкул мілы, хоць роля Багдановіча у нашай літаратуры, на маю думку, ясна не пазначаная. Затое напісана (я не ведаў), што Багдановіч арганізаваў у Ніжагародскай гімназіі "анархіческій кружок” і ўзлазіў на стол, дамагаючыся змены школьнай канстытуцыі:)…Думаў, што нашу сітуацыю ні ў якім разе нельна ўспрымаць як трагічную выпадковасць, злом лёсу і г.д. Тут не выпадковасць, а хутчэй заканамернасць. Такі цяпер час і так мы цяпер жывём, прыйдуць іншыя часы — будзе ўсё іначай:)…Таксама думаў: наколькі цяжка спрагназаваць, які эпізод нашага жыцця адаб’ецца на падзеях у будучым, паўплывае і на наш лёс, і на нашчадкаў. Гэта можа быць і штосьці, на чым сам не засяроджваеш увагу. Як, напрыклад, з Вітаўтам, найбольшым дасягненнем якога многія лічаць Грунвальд. Хоць ён пасля яшчэ 20 год жыў і работаў:)…Прашу вас, знаходзьце нагоды для радасці і будзьце спакойныя за мяне.Я заўжды з вамі сэрцам, а скора буду і іншымі органамі і часткамі цела!
Падтрымайце Андрэя Скурко лістом, тэлеграмай, пасылкай ці грашовым пераводам. Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Скурко Андрэю Генадзевічу.