«Сказаў, што настроены рашуча, што ім яго не зламаць». З палітвязнем Ягорам Дуднікавым сустрэлася маці

Маці палітвязня Ягора Дуднікава сустрэлася з сынам у мінскім СІЗА на Валадарскага ўпершыню за паўгода.

egor_90_v_e1622431344574.jpg

Яна паведаміла «Свабодзе», што Ягору выставілі новае абвінавачанне па 3-й частцы 130-га артыкула (распальванне сацыяльнай варожасці групай асобаў). Цяпер хлопцу пагражае да 12 гадоў зняволення. Раней Ягора Дуднікава абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх).
Грамадзяніна Расіі, 21-гадовага Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Мінску па падазрэнні ў тым, што ён меў дачыненне да прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», агучваў відэаролікі. У кватэры, якую здымаў Ягор у Мінску, правялі ператрус, спачатку хлопца змясцілі ў СІЗА КДБ. Пры затрыманні яго моцна збілі.

«Гэта насамрэч страшна»

Паводле маці палітвязня Юліі, суд над Ягорам Дуднікавым пачнецца ў снежні.
«Пакуль у мяне вельмі абмежаваная інфармацыя. Мы ўсе ў чаканні суда. Спадзяемся што суд дапаможа высветліць, як далей будзе будавацца наша жыццё. Бо наша сям’я — гэта адзінае цэлае, усе мы залежым адно ад аднаго і, адпаведна, будзе вырашацца лёс усёй нашай сям’і, а не толькі Ягора. Іначай немагчыма».
Юлія кажа, што была ў жаху ад выстаўленага Ягору новага абвінавачання.

«Я дагэтуль у шоку ад таго, што гэта так кардынальна змянілася. Я да апошняга спадзявалася, што ён застанецца з ранейшым артыкулам, які ўсё ж крыху мякчэйшы. Па новым артыкуле прадугледжваецца большы тэрмін. Гэта насамрэч страшна».

«Мы вельмі па ім сумуем»

На сустрэчу з сынам Юлія Дуднікава ехала з расійскага Саратава, дзе жыве сям’я.

«Па сутнасці я была на валізках, чакала адмашкі, чакала, калі дазволяць. Да апошняга не было ўпэўненасці, што дазволяць сустрэчу. Літаральна 3 лістапада дазволілі, і я выехала ў Мінск, каб паспець на сустрэчу 5 лістапада, — кажа Юлія. — Мы вельмі чакалі гэтай сустрэчы, бо з траўня, ад моманту яго затрымання, мы Ягора не бачылі, не чулі і вельмі па ім сумуем».
Паводле Юліі, сустрэча з сынам цягнулася каля гадзіны, праходзіла пад кантролем і размаўляць па справе было нельга. З сынам яна бачылася праз шкло, размаўляла праз слухаўку.
«Адзінае, ён сказаў, што трымаецца, не падае духам. Стараецца трымацца, наколькі гэта магчыма, улічваючы новы артыкул і той тэрмін, які па ім пагражае, — кажа Юлія. — Мы больш гаварылі на сямейныя тэмы, бо апошнія месяцы дрэнна працавала пошта, ён не атрымліваў лісты. За два месяцы нам дайшлі яго адзін-два лісты, хаця ён пісаў вельмі многа».
У лістах Ягор імкнецца падтрымаць бацькоў.
«Ён больш перажывае за нас, што ўся гэта сітуацыя, трывожнае чаканне, невядомасць, можа падкасіць і наша здароўе, — кажа Юлія. — За яго перажывае бабуля, якой 92 гады. Яна чакае толькі каб убачыць Ягора, трымаецца з апошніх сіл, каб дачакацца вызвалення ўнука. Таму ў нас у лістах падтрымка — мы яго падтрымліваем, а ён нас».
Юлія кажа, што на здароўе Ягор не скардзіцца.
«Але бачна, што ён у стрэсе. Канечне, у такім узросце такое не можа прайсці бясследна. Ён сказаў, што настроены рашуча, што ён трымаецца, што ім яго не зламаць, — кажа Юлія. — А яму іначай нельга, бо калі ён зламаецца, мы нічога не зможам зрабіць. Таму я яму параіла — толькі трымацца! Я сказала, што мы яго не пакідаем і робім усё што ад нас залежыць, усё магчымае і немагчымае».
Юлія звярталася да кіраўнікоў Расіі і Беларусі з просьбай аб вызваленні сына. Але ёй адмовілі ў дапамозе. Сітуацыя з Ягорам на кантролі ў расійскай амбасадзе, але як кажа Юлія, у іх таксама абмежаваныя правы ў дапамозе.