Беларусь перадала 42 тоны гуманітарнай дапамогі ў В'етнам
Гуманітарная дапамога з Беларусі агульнай вагой 42 тоны дастаўлена ў рэгіён Віетнама, які найбольш пацярпеў ад тайфунаў і паводак. Піша Радыё Свабода са спасылкай на БЕЛТА і МЗС Беларусі.
Беларускі самалёт з гуманітарным грузам 21 студзеня прызямліўся ў аэрапорце Камрань правінцыі Кхан Хоа, якая з'яўляецца найбольш пацярпелым рэгіёнам.
Суправаджала груз дэлегацыя Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі на чале з намеснікам міністра Аляксандрам Худалеевым.
У складзе гуманітарнай дапамогі — тавары беларускіх вытворцаў: прадукты харчавання (дзіцячыя сухія сумесі, крупы, мясныя кансэрвы), палаткі, коўдры, дызэльныя электрастанцыі, ложкі-раскладанкі і іншае.
У аэрапорце была арганізаваная ўрачыстая цырымонія перадачы грузу, у якой узялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Віетнаме, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі, намеснік старшыні правінцыі Кхан Хоа і кіраўніцтва Упраўлення па барацьбе са стыхійнымі бедствамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і аграрнага разьвіцця В'етнама.