Беларускі айцішнік, які паведаміў пра катаванні ў расійскай турме: «Адчуваў сябе прыстасаванцам»
Праграміст заявіў, што ўдзелу ў катаваннях не браў, але бачыў усё, што тварыла адміністрацыя турмы.
Інтэрнэт-рэсурс пра сучасныя рэпрэсіі ў Расіі Gulagu.net
апублікаваў аўдыёінтэрв'ю з беларускім IT-спецыялістам Сяргеем, які перадаў
інфармацыю пра масавыя катаванні ў расійскіх турмах у шырокі доступ.
Паводле інфармацыі кіраўніка праекту, які апублікаваў
відэазапісы з катаваннямі, Уладзіміра Асечкіна, Сяргей знаходзіўся ў
Саратаўскай турме і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню. Яго вымусілі
супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў
камп'ютарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расійскай
пенітэнцыярнай сістэмы.
На YouTube-канале праекту беларускі праграміст расказаў,
якую меў матывацыю зрабіць гэта, пры гэтым адзначыўшы, што не чакаў падобнага
рэзанансу.
Паводле яго слоў, многае з архіву карыстальнікі ўжо бачылі.
Сяргей кажа, што знаходзячыся ў турме, не адчуваў трывогу і
небяспеку, а адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам.
«Я прыстасаваўся да сістэмы, здолеў свае навыкі падладзіць,
стаць даволі высокай велічынёй там, але ніколі, ніколі я не гвалтаваў, не здзекаваўся, не спрабаваў неяк зняважыць іншых людзей. Я ўсё гэта бачыў», —
прызнаўся мужчына.
Праваабарончы праект Gulagu.net раней паведаміў, што атрымаў
40 гігабайт відэазапісаў катаванняў і згвалтаванняў зняволеных у расійскіх
турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.
5 кастрычніка, пасля публікацыі трох запісаў здзекаў з вязняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, Генеральная пракуратура Расіі пачала праверку, распачата крымінальная справа. Аўтары праваабарончага праекту паведамляюць, што плануюць паступова публікаваць атрыманую імі інфармацыю.
Паводле «Свабоды».