Беларускія ўлады імкнуцца не страціць кіруемасць грамадствам

Пра складаны і неадназначны год распавялі беларускія праваабароцы.

useahulnaja_deklaracyja_vycinanka_1.jpg

Істотных змяненняў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2017 годзе не адбылося, праблема іх выканання застаецца актуальнай. Такое меркаванне выказаў БелаПАН старшыня РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак у каментарыі з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.

"Год складаны, сітуацыя была неадназначнай. Таму што, з аднаго боку, улада была арыентавана на супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, таму ёй было важна старацца пазбягаць крокаў, якія маглі б выклікаць жорсткую рэакцыю заходніх партнёраў. З іншага боку, калі згадаць вясновыя падзеі, актывізацыю пратэставай актыўнасці насельніцтва — на яе ўлады рэагавалі вельмі жорстка, і пад знакам страху гэтай актыўнасці мы знаходзімся і цяпер", — падкрэсліў Гулак.
На думку праваабаронцы, беларускія ўлады "імкнуцца не страціць кіруемасць грамадствам" зыходзячы з уласнага разумення гэтага працэсу. У сувязі з гэтым эксперт згадаў традыцыйную практыку запалохвання грамадскіх і палітычных актывістаў, пераслед журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць перадусім з польскім тэлеканалам "Белсат", узбуджэнне, а затым спыненне крымінальнай справы "Белага легіёну" — аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання.
Разам з тым, падкрэсліў Гулак, улады пасылаюць праваабарончай супольнасці сігналы аб тым, што абмеркаванне тэматыкі правоў чалавека ўнутры краіны будзе працягвацца. У прыватнасці, на 12 снежня намечана новая сустрэча ў рамках прынятага ў канца 2016 года Нацыянальнага плана па правах чалавека.
"Само прыняцце плана стала даволі яркай падзеяй. Але вось прайшоў год, а інфармацыі пра яго рэалізацыю амаль не было. Але ўсё-такі ёсць надзея, што ў органах улады існуе разуменне таго, што гэтую ідэю трэба ўвасабляць у жыццё. Вядома, праваабаронцаў не задавальняе нізкая актыўнасць па рэалізацыі плана, але, па меншай меры, мы не ведаем пра спробы пахаваць яго як пляцоўку для дыялогу", — дадаў эксперт.
Экс-суддзя Канстытуцыйнага суда, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "Крок да закона" Міхаіл Пастухоў лічыць актуальным пытанне ўвядзення ў Беларусі пасады амбудсмена, або ўпаўнаважанага па правах чалавека. Эксперт падкрэсліў, што падобны пост, упершыню замацаваны ў Швецыі яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя, сёння дзейнічае больш чым у ста краінах, у тым ліку ва ўсіх дзяржавах Еўропы і СНД, за выключэннем Беларусі.
Заслужаны юрыст Пастухоў прапаноўвае ўвесці падобную пасаду пры беларускім Нацыянальным сходзе і абіраць амбудсмена тэрмінам на пяць гадоў. На яго думку, упаўнаважаным па правах чалавека можа стаць юрыст або праваабаронца, які набыў павагу ў грамадстве. "Амбудсмен — гэта чалавек, які зможа выслухаць усе крыўды і аднавіць у правах тых, хто быў пакрыўджаны. Ён змог бы займацца абаронай правоў грамадзян ад любых неправамоцных дзеянняў", — падкрэсліў экс-суддзя Канстытуцыйнага суда.
Міжнародны дзень правоў чалавека прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН