Правы чалавека: канец «мяккіх практык»

Напярэдадні Сусветнага дня абароны правоў чалавека мы папрасілі ацаніць тэндэнцыі за год праваабаронцу Валянціна Стфановіча. «Горш, чым у мінулым годзе», — адназначна сказаў ён. Пагоршыла сітуацыю, па словах Стэфановіча, сама ўлада, зрабіўшы абсалютна неразумны крок, пра небяспеку якога папярэджвалі ці не ўсе.

darmaediakcia__1_of_1__10_logo_2.jpg

Сумная, на думку праваабаронцы, тэндэнцыя ў тым, што 2017 год стаўся годам заканчэння «мяккіх практык», як іх назвалі праваабаронцы, і якія былі характэрныя са жніўня 2015-га да вясны 2017-га. Гэтыя практыкі палягалі ў тым, што ўлады нейкім чынам усё ж ухіляліся ад больш жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Дэманстрацыі, якія адбываліся, не разганяліся, іх удзельнікі не арыштоўваліся. Праўда, потым людзі атрымлівалі штрафы, часцяком непамерныя. Але арыштаў было параўнальна менш.

«У 2016 годзе мы заяўлялі пра магчымы палітычны крымінальны пераслед у дачыненні да сямі чалавек — і ўсе гэтыя людзі не былі пакараныя рэальным пазбаўленнем волі. Паліенку, праўда, усё ж нагнаў яго лёс вясной 2017-га, але ў 2016-м яго вызвалілі ў залі суда», — адзначае праваабаронца.

Пагоршыла сітуацыю, па словах Стэфановіча, сама ўлада, зрабіўшы абсалютна неразумны крок, пра небяспеку якога папярэджвалі ці не ўсе. Быў уведзены ў дзеянне Дэкрэт №3, які закрануў шырокія колы людзей. «Не апазіцыя людзей вывела на вуліцы, а самі ўлады. І Лукашэнка гэта вызнаў, сказаўшы, што людзей «незаслужана пакрыўдзілі», — кажа Стэфановіч.

У выніку зімова-вясновыя пратэсты супраць «дармаедскага дэкрэту» змянілі тактыку ўладаў, і «мяккія практыкі» перайшлі ў жорсткія. «Вясна вызначылася рэзкім усплёскам рэпрэсій, у выніку падзеяў 25 сакавіка больш за тысячу чалавек былі падвергнутыя адміністрацыйным затрыманням, арыштам і штрафам», — нагадвае юрыст.

Прычым, як адзначае праваабаронца, улады дзейнічалі выбарачна: імкнуліся не хапаць просты люд, акцэнтавалі ўвагу на прадстаўніках мясцовых апазіцыйных сілаў і рухаў, блогерах і журналістах. «Веснавыя падзеі прывялі да ўзмацнення ціску на незалежных журналістаў, на тых, хто супрацоўнічае з «Белсатам», «Радыё Рацыя», і нават з афіцыйна акрэдытаванымі ў Беларусі замежнымі СМІ, напрыклад «Радыё Свабода». Відавочна, улады былі занепакоеныя тым, што інфармацыя пра пратэсты можа выклікаць эфект снежнага кому», — адзначае Стэфановіч.

На гэтым жа фоне быў распачаты шэраг крымінальных спраў: «Справа патрыётаў», і ў гэтым жа рэчышчы можна разглядаць «Справу прафсаюза РЭП», які таксама актыўнічаў увесну. «То бок, сітуацыя ўвесну пагоршылася вельмі рэзка», — заўважае праваабаронца.

Калі пратэстная хваля была збітая, улады паступова пачалі згладжваць тое, што яны нарабілі: на думку Стэфановіча, таму што «пытанне выроўнівання стасункаў з Еўрасаюзам для іх важнае». Фігурантаў «Справы патрыётаў» вызалілі з-пад варты перад самітам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Мінску, пасля вызвалілі з-пад варты бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Зараз «Справу патрыётаў» спынілі.

І тым не менш, у фармат 2016 года краіна так і не вярнулася. Улады працягвалі арышты ўдзельнікаў акцый, хоць яны і былі не такімі масавымі, і нейкай небяспекі не ўяўлялі.

Але самае прыкрае, па словах Стэфановіча, — тое, што ў краіне ў 2017 годзе з’явіліся новыя палітвязні. «Змітру Паліенку адмянілі адтэрміноўку прысуду і накіравалі ў калонію. Фармальна гэта было зроблена за здзяйсненне некалькіх адміністратыўных правапарушэнняў. Але, калі глядзець сутнасна, то гэтыя правапарушэнні таксама звязаныя з рэалізацыяй правоў на мірныя сходы і свабоду выказвання — напрыклад, за абарону Курапатаў», — падкрэслівае Стэфановіч.

Застаецца за кратамі Міхаіл Жамчужны, і пытанне палітвязняў, на жаль, пакуль што актуальнае.

Такім чынам, падсумоўвае праваабаронца, 2017 год у галіне правоў чалавека ў Беларусі быў горшым, чым папярэдні 2016-ты.